На мітынгу ў Казахстане ў памяць аб загінулых на пачатку году заклікалі абвясьціць імпічмэнт Такаеву

На мітынгу ў Алматы 13 лютага 2022

У Алматы дзясяткі людзей (паводле зьвестак выданьня Orda, некалькі сотняў), нягледзячы на забарону ўладаў, сабраліся каля манумэнта Незалежнасьці на плошчы Рэспублікі, каб ушанаваць памяць загінулых падчас студзеньскіх падзеяў і запатрабаваць спыніць катаваньні затрыманых.

Перад манумэнтам Незалежнасьці сабраліся людзі з плякатамі. У прыватнасьці, «Такаеў, сыходзь. Цябе ненавідзіць уся краіна», паведамляе казаская служба Радыё Свабода.

У руках людзей былі фатаграфіі загінулых і тых, хто прайшоў праз катаваньні пасьля затрыманьня. Прысутныя выкрыквалі: «Судзіць Назарбаева!». Таксама было чуваць заклікі ўвесьці пэрсанальныя санкцыі супраць экс-прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева і супраць міністра ўнутраных спраў Ерлана Тургумбаева. Пратэстоўцы патрабуюць імпічмэнту прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева і аб’яўленьня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

Прысутныя прачыталі малітву ў памяць аб загінулых. Сярод мітынгоўцаў — маці загінулых, параненых і затрыманых маладых людзей. Яны вывесілі сьпісы зь іх імёнамі і крычалі: «Народ не тэрарыст!»

Паводле Генэральнай пракуратуры Казахстану, агулам падчас студзеньскіх пратэстаў загінулі 225 чалавек, яшчэ 4,5 тысячы атрымалі раненьні. 18 студзеня міністарка аховы здароўя Казахстану Ажар Гініят паведаміла на брыфінгу аб сьмерці двух пацярпелых, якія знаходзіліся ў рэанімацыі. Такім чынам, афіцыйная папярэдняя колькасьць ахвяр узрасла да 227.

Улады не апублікавалі імёнаў загінулых, нягледзячы на заклікі праваабаронцаў абнародаваць імёны і прозьвішчы забітых і даць інфармацыю пра абставіны іх сьмерці.

Некалькі праваабарончых груп складаюць сьпісы загінулых на аснове зьвестак, якія паступаюць ад сваякоў ахвяр, а таксама з адкрытых крыніц. У адным са сьпісаў ня менш за 173 прозьвішчы. Па словах праваабаронцаў, большая частка загінулых — маладыя людзі, сярод забітых ёсьць людзі, якія ня мелі дачыненьня да акцый пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане завялі амаль сотню крымінальных справаў па скаргах пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Deutsche Welle: Дачка Назарбаева і яе муж купілі ў Нямеччыне элітны маёнтак, вілу і два гатэлі на мільёны эўра