Беларускі баец UFC Андрэй Арлоўскі выйграў свой бой у 43 гады

Андрэй Арлоўскі

Ва ўзросьце, калі многія байцы ўжо не выступаюць на рынгу, беларус здабывае перамогу за перамогай, застаючыся адным з найлепшых у сьвеце ў стылі UFC.

Беларускі баец Андрэй Арлоўскі працягвае кар’еру ў баях UFC — з траўня 2020 баец з Бабруйску па мянушцы «Пітбуль» правёў у UFC 6 баёў і выйграў у пяці зь іх, піша «Трыбуна». Яму зусім не замінае ўзрост — 43 гады, хаця ў такім веку большасьць байцоў ужо не выступае, або не вылучаецца стабільнасьцю вынікаў.

У Г’юстане (ЗША) на стадыёне «Таёта-цэнтар» Арлоўскі ў ноч з суботы на нядзелю па беларускім часе перамог значна маладзейшага суперніка — 29-гадовага амэрыканца Джарэда Вандэраа. Пры гэтым Вандэраа ў час бою нанёс Андрэю забаронены правіламі ўдар у пахвіну, аднак беларус неўзабаве заявіў, што гатовы працягнуць бой.

Два судзьдзі з трох па заканчэньні бою прызналі пераможцам Арлоўскага, у выніку перамогу ў баі аддалі яму.

Гэты паядынак стаў для 43-гадовага беларуса ўжо 55-м у кар’еры ў ММА, ён заваяваў у іх 33 перамогі. У асобным рэйтынгу дысцыпліны UFC у Андрэя 22 перамогі, і гэта 2-е месца ў рэйтынгу, больш заваяваў толькі Дональд Сэронэ (ЗША).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсаваныя беларускія спартоўцы сустрэліся з намесьніцай дзяржсакратара ЗША: «Захапляюся вашай адвагай»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйгравала, а яе прызамі не ўзнагароджвалі». Лыжніца Далідовіч і яе бацька і трэнэр — пра адхіленьне ад турніраў