Назваць гімназію ў гонар стваральніка савецкіх спэцслужбаў Фэлікса Дзяржынскага ў 1983 годзе хацеў дырэктар школы, на базе якой яна была заснаваная, піша hrodna.life. Тады пэдагогі і вучні і пачалі зьбіраць матэрыял аб дзейнасьці і жыцьці Дзяржынскага.
У 2018 годзе ў гімназіі № 6 урачыста адкрылі абноўлены бюст Дзяржынскаму і пачалі рыхтаваць музэйны стэнд. Ініцыятарам выступіла дырэктарка Тацьцяна Махнач, якая тады пачала працаваць у гімназіі. Фундатарам рэстаўрацыі стаў КДБ.
У Горадзенскай вобласьці вырашылі ўсім установам адукацыі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўклад у гісторыю Беларусі. 17 верасьня 2022 года імёны ўстановам адукацыі дадуць падчас цырымоніі на Кургане Славы.
Фэлікс Дзяржынскі (1877-1926) — савецкі дзяяч родам зь Беларусі, заснавальнік і кіраўнік ВЧК і ГПУ — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вас сустрэне, дапытае і расстраляе асабіста Фэл Эдм: мой бізнэс-плян для Дзяржынава