Невядомыя размалявалі таблічкі на крыжах у Курапатах

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Урочышча Курапаты

Пра чарговы акт вандалізму ў Курапатах паведаміла ў Фэйсбуку пэдагог і пісьменьніца Ганна Севярынец.

Паводле яе, надпісы былі розныя, адзін зь іх асабліва яе ўразіў. На таблічках расстраляным у 37-м літаратарам Алесю Дудару і Васілю Ковалю вандалы напісалі «Тут іх няма!».

«Тут іх і сапраўды — няма. Мо, дзе пад гаражным каапэратывам у Лошыцы, пад бэтоннай пляцоўкай. Мо дзе пад навабудамі Каменнай Горкі. Пад кінатэатрам „Арбіта“. А можа наогул на сьметніку, куды звозілі косьці пры будаўніцтве кальцавой», — піша Ганна Севярынец.

Паводле яе, надпісы ўжо адмылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лаву Клінтана» ў Курапатах ізноў апаганілі вандалы

У Курапатах знаходзяцца месцы пахаваньняў ахвяраў масавых расстрэлаў у 1937-1941 гадах. Дакладных дадзеных аб колькасьці расстраляных няма. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД расстраляў тут 108 беларускіх культурных дзеячаў і навукоўцаў.

Акты вандалізму адбываліся ў Курапатах неаднаразова, аднак вінаватых не знаходзілі.

Неаднойчы невядомыя размалёўвалі абразьлівымі надпісамі «лаву Клінтана» ў Курапатах, тры разы яе разьбівалі. Пасьля апошняга разу мэмарыял так і не аднавілі.