«Мы ж браты, беларусы на нас ня пойдуць». Жыхары ўкраінска-беларускага памежжа пра магчымую вайну. ВІДЭА

Напярэдадні беларуска-расейскіх вучэньняў Радыё Свабода наведала памежныя зь Беларусьсю раёны Ўкраіны і пагаварыла зь мясцовымі жыхарамі пра тое, што яны думаюць пра магчымы напад зь беларускай тэрыторыі, ці рыхтуюцца да вайны і як ставяцца да беларусаў.

Колькі цытатаў:

  • «Мы спадзяемся, што беларусы на гэта ня пойдуць. Мы ж заўжды разам былі. Прынамсі Чарнігаўская вобласьць дык дакладна».
  • «Няўжо гэта беларусы... Я зь людзьмі гэтымі ўсімі працавала, і яны пойдуць на нас? Ды я гэтаму ня веру нешта. Мы браты. Мы хочам жыць у міры. У мяне ўсе родныя ў Беларусі».
  • «Канешне дзіка. У мяне сваякі ў Беларусі, у Расеі ёсьць сваякі. Калі брат на брата ідзе — гэта ў галаве ня ўкладваецца. Пакуль ніхто ня верыць, што Беларусь сапраўды зробіць наступ на нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: напад Расеі на Ўкраіну можа пачацца «ў любы час»

З восені мінулага году краіны Захаду заяўляюць аб канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальнай пагрозе расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

11 лютага дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў, што агрэсія Расеі супраць Украіны можа адбыцца ў любы дзень і, хутчэй за ўсё, пачнецца з паветранага ўдару.

Пасьля гэтага шэраг краінаў заклікалі сваіх грамадзян пакінуць Украіну «як найхутчэй»: сярод іх ЗША, Нідэрлянды, Вялікая Брытанія, Данія, Нарвэгія, Эстонія, Ізраіль, Японія і Паўднёвая Карэя. ЗША зьбіраюцца эвакуяваць сваю амбасаду ў Кіеве, прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне пераходзіць на дыстанцыйны рэжым працы. Расея 12 лютага заявіла, што прыняла рашэньне аб «аптымізацыі штатаў» расейскіх замежных установаў ва Ўкраіне, «асьцерагаючыся правакацый Кіева ці трэціх краінаў».

На 12 лютага заплянаваныя тэлефонныя перамовы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, а дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 12 лютага паведаміў, што плануе правесці ў суботу тэлефонную размову з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.

Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць перасоўваньне войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантый бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.