У адказ на дзеяньні Расеі NATO ўзмоцніць прысутнасьць у Румыніі, Славаччыне і Баўгарыі

Краіны NATO пісьмова ўзгаднілі разьмяшчэньне сёлета вясной міжнародных сіл у Румыніі, Славаччыне і Баўгарыі.

Фармальна, як піша DW са пасылкай на агенцтва dpa, рашэньне будзе прынятае 16 лютага.

На тле сьцягваньня Расеяй вайсковых падразьдзяленьняў і вайсковай тэхнікі да мяжы з Украінай NATO плянуе пашырыць сваю прысутнасьць на ўсходнім флянгу. На бягучым тыдні 30 краін – чальцоў альянсу зацьвердзілі падчас пісьмовай працэдуры адпаведную ініцыятыву, паведаміла агенцтва dpa у пятніцу, 11 лютага са спасылкай на свае крыніцы.

Пры гэтым мова ідзе, у прыватнасьці, аб разьмяшчэньні міжнародных сіл альянсу ў краінах на паўднёвы ўсход ад Украіны — Румыніі, Славаччыны і Баўгарыі. Туды могуць быць накіраваныя вайскоўцы Францыі і ЗША. Да гэтага часу на ўсходнім флянгу NATO войскі альянсу дысьлякаваныя толькі ў краінах Балтыі і Польшчы, піша dpa.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: у выпадку ўварваньня ва Ўкраіну расейскія танкі дойдуць да Кіева за 48 гадзін, загінуць 50 тысяч цывільных

Рашэньне будзе рэалізаванае вясной

Чакаецца, што гэтае рашэньне будзе яшчэ раз пацьверджана на сустрэчы міністраў абароны краін NATO 16 лютага, пасьля гэтага аб ім будзе афіцыйна абвешчана. Рэалізавана яно будзе, як мяркуецца, будучай вясной. Пры гэтым у NATO падкрэсьліваюць, што разьмяшчэньне дадатковых сіл альянсу ва Ўсходняй Эўропе зьяўляецца выключна рэакцыяй на дзеяньні Расеі.

Акрамя таго, NATO мае намер перагледзець сваю прысутнасьць у іншых частках Эўропы. Гэтая прапанова таксама была зацьверджана краінамі альянсу, адзначае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: амэрыканскія грамадзяне павінны неадкладна пакінуць Украіну

У NATO чакаюць рэакцыі Масквы

Як адзначае агенцтва, у альянсе з напружаньнем чакаюць рэакцыі Масквы, а крытыкі асьцерагаюцца, што гэтае рашэньне можа выклікаць далейшую эскаляцыю канфлікту з Расеяй. У сьнежні РФ запатрабавала ад ЗША і NATO так званых «гарантый бясьпекі», якія, у прыватнасьці, уключаюць рэзкае скарачэньне актыўнасьці блёка ва Ўсходняй Эўропе.

З другога боку, Масква можа палічыць сваім посьпехам той факт, што рашэньне ўзмацніць прысутнасьць NATO ва Ўсходняй Эўропе закране ня ўсіх чальцоў альянсу, піша далей dpa. У прыватнасьці, Вугоршчына 9 лютага — праз кароткі час пасьля візыту прэм’ер-міністра Віктара Орбана ў Маскву — заявіла, што ня лічыць неабходным разьмяшчэньне сіл NATO на сваёй тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заклікаў Расею згарнуць нарошчваньне вайсковых сіл у Беларусі

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.