Вячаслаў Лявіцкі сьцісла
- Творчасьць Уладзімера Караткевіча застаецца недаацэненая ва Ўкраіне.
- У біяграфіі Караткевіча, што тычыцца яго жыцьця ва Ўкраіне і дачыненьняў з Украінай, шмат прагалаў. Імкнуся іх запоўніць.
- Беларуская літаратура стала для мяне «адназначна цікавай» ужо ў студэнцкія гады.
- Перакладаць беларускую паэзію я пачаў з Андрэя Хадановіча, потым былі іншыя, сярод іх «бумбамлітаўцы» — «зьява шмат у чым непадобная да астатняй беларускай літаратуры».
- Беларускіх аўтараў актыўна выдае ва Ўкраіне невялікае, але амбітнае кіеўскае выдавецтва «Люта справа».
- Нядаўна ў мяне выйшаў паэтычны зборнік «Long Play», у якім знаходзяцца вершы зь «Менскага цыклю», навеяныя захапленьнем беларускай сталіцай, «месцам натхненьня».
«Трэба быць увесь час напагатове»
— Вячаслаў, мы з вамі гаворым у вельмі трывожны час для Ўкраіны і ня толькі для яе, але і для ўсёй Эўропы. Скажыце, як вам бачыцца сытуацыя з Кіева? Будзе вайна? Што думаюць людзі вакол вас?
— Цяпер вельмі трывожныя настроі ва Ўкраіне. Але за апошнія восем гадоў мы таксама загартаваліся і разумеем, што вайна трывала ўвесь гэты пэрыяд. Калі некаторыя краіны, магчыма, зьвярнулі ўвагу на рызыку агрэсіі з боку Расеі толькі апошнім часам, то варта падкрэсьліць, што мы ў такім напружаным стане жывём здаўна, усьведамляючы ўсе небясьпекі. Хочацца заставацца аптымістамі, але трэба таксама быць увесь час напагатове. Вось такая рэальная сытуацыя, калі коратка.
«Абмінуць „Лісьце каштанаў“ я ня мог»
— Чым вы занятыя апошнім часам? Я, зразумела, пытаюся пра вашы заняткі як літаратара і літаратурнага дасьледніка. Пішаце нешта сваё, перакладаеце, займае вас нейкая дасьледніцкая тэма?
— Я далей працую над праблематыкай украінскіх і перадусім кіеўскіх старонак у біяграфіі Ўладзімера Караткевіча. Гэтая тэма мяне сапраўды захапіла як дасьледніка кіеўскага ўрбаністычнага тэксту. Я меў гонар далучыцца да каманды ўдзельнікаў «Фэсту Караткевіча» 2020 году на запрашэньне Марыі Мартысевіч і Андрэя Хадановіча як распрацоўшчык літаратуразнаўчай экскурсіі па кіеўскіх месцах Караткевіча. Гэта яшчэ болей паглыбіла маю зацікаўленасьць, якая і да таго пульсавала ўва мне даволі моцна. Абмінуць «Лісьце каштанаў» я ня мог.
Сёньня я імкнуся максымальна шырока, з выкарыстаньнем розных архіўных крыніц, вывучыць асяродзьдзе Караткевіча ва Ўкраіне, магчымыя штуршкі да ўзьнікненьня тых ці іншых твораў ды наагул вярнуць яго постаць ва ўкраінскую культурную прастору. Трэба аб’ектыўна прызнаць, што гэты пісьменьнік, на жаль, недаацэнены ва Ўкраіне. Нават калі аналізаваць перакладныя анталёгіі беларускай паэзіі, якія зьяўляліся ад 1991 году ва Ўкраіне, то Караткевіч не акцэнтаваўся там як літаратар такога маштабу, які ён ёсьць насамрэч. Калі ўзяць пад увагу яго навучаньне ў Кіеўскім унівэрсытэце, яго любоў да Ўкраіны, тое, як Украіна заразіла яго паглыбленай цікавасьцю да чыста беларускіх справаў, то ён, безумоўна, мусіў бы стаць асобай, якая аб’ядноўвала і далей аб’ядноўвае нашы культуры і літаратуры. Я сваімі сьціплымі намаганьнямі хачу запоўніць шмат прагалаў у біяграфіі Караткевіча, працуючы з крыніцамі, якія раней або зусім не ўключаліся, або да гэтага часу не актуалізаваныя. Насамрэч я цяпер знаходжу шмат цікавых фактаў. Гэтая тэма застаецца для мяне прыярытэтнай.
Канечне, я далей зь вялікім захапленьнем, энтузіязмам і любоўю працягваю перакладаць беларускую літаратуру, пераважна сучасную паэзію. Але не магу не прызнацца, што я стаў сёлетнім стыпэндыятам праграмы Gaude Polonia і рыхтуюся да выезду ў Польшчу, дзе буду працаваць над адным з польска-ўкраінскіх літаратурна-перакладчыцкіх праектаў, што таксама ўпісваецца ў мае славістычныя зацікаўленьні.
«Мы амаль нічога ня ведаем пра асноўнага перакладчыка Караткевіча»
— Скажыце, а Караткевіч перакладзены на ўкраінскую мову?
— Так, Караткевіча актыўна перакладалі ў савецкі час. Усе ягоныя эмблематычныя раманы, такія як «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», былі перакладзеныя на ўкраінскую, як і аповесьць «Лісьце каштанаў», дарэчы.
Але ёсьць, на маю думку, адна вялікая праблема. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя творы існуюць па-ўкраінску і іх сёньня лёгка спампаваць у інтэрнэце, мы амаль нічога ня ведаем пра асноўнага перакладчыка Караткевіча на ўкраінскую — Карла Скрыпчанку. Гэта адна з самых вялікіх загадак. Наконт прозы Караткевіча гэта для мяне найбольшае пытаньне.
Што тычыцца паэзіі, яна таксама актыўна перакладалася ў савецкую эпоху. Я ўжо калісьці пра гэта гаварыў і сёньня толькі пацьвярджаю — кангеніяльныя ўкраінскія пераклады паэзіі Караткевіча ажыцьцявіла Тамара Каламіец. Гэтыя пераклады зьявіліся пад канец 1980-х. Але з таго часу ў нас стварылася амаль суцэльная лякуна, што тычыцца асэнсаваньня творчасьці Караткевіча як паэта. Я, са свайго боку, хачу яе крыху запоўніць, бо мне прыкра, што маё пакаленьне, пакаленьне 30-гадовых, амаль ня ведае Караткевіча як яскравага нэамадэрніста, які экспэрымэнтаваў з мовай і выбудоўваў вельмі арыгінальныя творы, які шмат у чым быў сугучны ўкраінскім «шасьцідзясятнікам», хоць шмат у чым і адрозьніваўся ад іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь вершамі і музыкай. У Кіеве праходзіць дзень беларускага мастацтва«Беларуская літаратура была экзатычнай, але адначасова і роднай»
— Цяпер у мяне такое пытаньне: калі вы ўпершыню сутыкнуліся зь беларускай мовай? І ці моцна трэба вам было яе вывучаць, каб потым перакладаць?
— Калі гаварыць пра самы-самы першы раз, то гэта было ў другой клясе. Тады беларускія сказы трапляліся даволі часта ў нашых падручніках у тых тэмах, дзе гаварылася пра падабенства ўкраінскай мовы да іншых славянскіх моваў. Тады ўпершыню я пачуў беларускую мову — мой аднаклясьнік прачытаў сказ па-беларуску і зь лёгкасьцю яго пераклаў. І наша настаўніца пахваліла яго: вось, ты можаш працаваць перакладчыкам. І я тады па-добраму пазайздросьціў майму аднаклясьніку: неблагая пэрспэктыва і прыемная на слых мова…
А калі гаварыць пра мой другі раз, то трэба перайсьці з другой клясы адразу на другі курс унівэрсытэту, калі я зь нецярплівасьцю чакаў кніжнага кірмашу, на якім купіў зборнік вершаў Андрэя Хадановіча, які па-беларуску апублікавала адно з кіеўскіх выдавецтваў і наклад якога разышоўся даволі хутка. Тады ўжо я ўсьведамляў сябе як чытача, якому цікавая гэтая літаратура і які ўспрымае гэтую мову. Так, цяжкасьці трапляліся, але ўсё роўна была асалода ад чытаньня, калі гаварыць тут у разуменьні Раляна Барта…
Прыблізна ў той самы час, у 2006 годзе, выйшла дзьвюхмоўная паэтычная анталёгія «Сувязьразрыў / Зв'язокрозрив». Я заўсёды падкрэсьліваю, што яе прэзэнтацыя ў Кіева-Магілянскай акадэміі, на якой я пабываў і паслухаў Андрэя Хадановіча і шмат іншых беларускіх аўтараў жыўцом, сапраўды заразіла мяне любоўю да беларускай літаратуры, якая трывае да цяпер. Беларуская мова, якая гучала досыць часта на розных літаратурных імпрэзах у той час у Кіеве, не магла не прыцягваць увагі. Можна сказаць, што беларуская літаратура была экзатычнай, але адначасова і роднай. І яна была адназначна цікавай — сваёй вобразнасьцю, сваёй прасьветленасьцю ў добрым разуменьні слова, сваёй экспэрымэнтальнасьцю. З таго часу іранічнасьць і экспэрымэнтальнасьць сталі сынонімамі сучаснай беларускай літаратуры…
— А вашы першыя кантакты з жывымі беларускімі літаратарамі? З кім вы знаёміліся на самым пачатку?
— На самым пачатку, мабыць, важнейшым для мяне было чытаньне беларускіх тэкстаў, чым кантакты зь іх аўтарамі. Але калі я быў асьпірантам і паехаў на адну з канфэрэнцый у БДУ, то я ўжо ведаў, напрыклад, хто такая Вера Бурлак, якая выступала на той канфэрэнцыі і тэксты якой я чытаў раней…
«Пачаў з Хадановіча»
— Каго зь беларускіх аўтараў вы тады перакладалі?
— Мабыць, ня буду арыгінальны, калі скажу, што пачаў з Хадановіча. Потым пайшлі іншыя. Аўтарызуючы свае пераклады ці абгаворваючы нейкія праблемныя месцы, я завязаў супрацоўніцтва і дыялёг зь Віктарам Жыбулем, Уладзем Лянкевічам, Верай Бурлак. Далей пачаўся мой дыялёг з «бумбамлітаўцамі», у Кіеў на розныя літаратурныя імпрэзы прыяжджалі і Альгерд Бахарэвіч, і Зьміцер Вішнёў, у нас нараджаліся пэўныя задумы адносна супрацоўніцтва, ажыцьцяўляліся розныя ініцыятывы, адна зь якіх — анталёгія «Бум-Бам-Літ»…
На пачатку 2010-х я стараўся вельмі ўважліва сачыць за тым, якія рэцэнзіі зьяўляліся на беларускіх літаратурных сайтах. Дарэчы, я высокай думкі пра беларускія незалежныя культурныя і літаратурныя сайты, якія тады актыўна функцыянавалі. Там я знаходзіў цікавыя для сябе імёны, як Уладзя Лянкевіча або Антона Рудака, і мы пачыналі супрацоўнічаць, спачатку віртуальна, а потым і разьвіртуальваліся на нейкіх літаратурных імпрэзах, скажам, на фэстывалі «Кіеўскія ляўры»…
«Зламаць гэтыя закасьцянелыя ўяўленьні»
— Раскажыце крыху аб працы над выданьнем анталёгіі «Бум-Бам-Літ». Чым вас зацікавіў гэты рух? Было ў ім нешта сугучнае з украінскай літаратурнай сытуацыяй?
— Тыя аўтары, зь якіх я пачынаў сваю перакладчыцкую дзейнасьць, у значнай меры асацыяваліся для мяне з асяродзьдзем «Бум-Бам-Літу» або з тымі, хто ў гэтым руху пачынаў. Агульна кажучы, Менск, калі я яго наведваў на пачатку свайго перакладчыцкага шляху, успрымаўся мною як «горад Бум-Бам-Літу», калі можна так сказаць. Мне гэты ўрбаністычны экспэрымэнтальны постмадэрнісцкі рух падаўся вельмі цікавым — як зьява шмат у чым непадобная да астатняй беларускай літаратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы прачнёмся іншымі». Беларускі літаратурны дэсант у Кіеве бяз Вольскага, але з кнігамі, вершамі і сьпеваміШто да ўкраінскай літаратуры, то, з аднаго боку, ёсьць пэўныя паралелі. Канечне, у нас таксама адбываліся пэўныя ўспышкі, пэўныя літаратурныя рэвалюцыі і ломка стэрэатыпаў разам з канонамі ў 1980-х і 1990-х. Для кожнага ўкраінскага чытача сама назва «Бум-Бам-Літ» так ці інакш асацыюецца з назвай «Бу-Ба-Бу» — так называлася наша постмадэрнісцкая група, якая, аднак, была створаная раней за «Бум-Бам-Літ». Што цікава, «бумбамлітаўцы» кажуць, што яны ня ведалі пра існаваньне «Бу-Ба-Бу».
Паралелі ёсьць, але мне як жыхару Кіева было цікава паглядзець, як «бумбамлітаўцы» трансфармавалі менскую культурную прастору 1990-х. Канечне, я быў дзіцём 1990-х, але, кантактуючы са старэйшымі калегамі-пісьменьнікамі, прадстаўнікамі генэрацыі 1990-х, я пераканаўся, што ўсё ж такі сталіца Ўкраіны не выдзялялася настолькі яскравым, бурлівым і часам эпатажным пэрформансам, які быў ініцыяваны «Бум-Бам-Літам» у Менску. Гэта, лічу, досыць важна для разуменьня сытуацыі ў постсацыялістычнай прасторы. Беларусь у нас наўрад ці асацыюецца з тымі акцыямі, якія адбываліся ў парку Горкага і пра якія піша Віктар Жыбуль — акцыі зь дзікімі крыкамі, з кіданьнем аўтараў на сцэну, або пэрформанс з балеямі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта моцна разыходзіцца з тым вобразам Менску, які бытуе ў сьвядомасьці шмат каго з украінцаў — вобразам спакойнага, кансэрватыўнага гораду. Мне як чалавеку, закаханаму ў беларускую літаратуру, захацелася зламаць гэтыя закасьцянелыя ўяўленьні і ўнесьці нешта новае ў наша разуменьне ня толькі саміх сябе, але і нашых суседзяў.
«Люта справа»
— Скажыце некалькі словаў пра выдавецтва «Люта справа», якое выдала ня толькі анталёгію «Бум-Бам-Літ», але і кнігі іншых беларускіх аўтараў па-беларуску, наколькі мне вядома. У кожным разе, я маю дзьве такія кнігі — паэтычныя зборнікі Алеся Плоткі і Сяргея Прылуцкага…
— «Люта справа» — невялікае, але прыгожае ў сваёй амбітнасьці кіеўскае выдавецтва. Яго дэвіз: Мы выдаём кнігі, якія парушаюць спакой. І гэта сапраўды так. Варта тут аддаць належнае яго заснавальніку і ўладальніку Андрэю Ганчаруку. Ён хоча выдаваць экспэрымэнтальную літаратуру і як чалавек цэніць свабоду па-над усё. І ён, вядома, сымпатызуе беларускім незалежным аўтарам, таму ня дзіўна, што ў яго зьявіліся і згаданыя вамі кніжкі, і анталёгія «Бум-Бам-Літ», і зборнік паэзіі Ўладзімера Арлова ў перакладзе Аляксандра Ірванца, і іншыя выданьні, важныя для беларуска-ўкраінскага дыялёгу…
Дадам тут адну дэталь. Сама анталёгія «Бум-Бам-Літ» была інсьпіраваная іншай кніжкай, якая пабачыла сьвет у 2018 годзе ў выдавецтве «Люта справа»: анталёгіяй харвацкай хуліганскай паэзіі. Гэтае выданьне сапраўды ўразіла і мяне, і многіх украінскіх чытачоў, і ў пэўнай мэры натхніла нас на ідэю падрыхтаваць падобны беларускі праект.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне выйшла дзьвюхмоўная «Анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі»«Месца натхненьня»
— На заканчэньне запытаю пра вашу арыгінальную творчасьць, бо ж вы пішаце і сваё, зусім нядаўна выйшаў ваш паэтычны зборнік «Long Play»… Пішаце толькі вершы, ці таксама і прозу?
— Цяпер пра сваё сыстэмнае пісаньне прозы я не магу сказаць, хоць у мяне раней былі публікацыі і прозай. Але паэзія ў мяне на пярэднім пляне.
Сама назва «Long Play» зь яе музычнымі асацыяцыямі працягвае мае спробы пашырыць межы літаратуры. Калі сьцісла патлумачыць канцэпцыю гэтай кніжкі, то я спрабаваў па-свойму пераінтэрпрэтаваць адно вядомае ў культуры выказваньне: менавіта, загаловак знакамітага трактату Фрыдрыха Ніцшэ «Народзіны трагедыі з духу музыкі». Я спрабаваў паказаць, як штодзённыя трагедыі могуць таксама нараджаць музыку…
Я ганаруся, што ў гэтай кніжцы ёсьць і пэўны «менскі стрыжань», які істотны для мяне ня толькі як для перакладчыка, літаратуразнаўцы і паэта. Праўду кажучы, я закахаўся ня толькі ў беларускую літаратуру, але і ў Менск як месца. Я лічу, што гэта месца натхненьня. Хочацца, каб Менск у будучыні змог натхняць многіх людзей бяз тых трагічных абставін, якія вядомыя нам сёньня. Так ці інакш, у мяне пачаў складацца «Менскі цыкль», які я зьмясьціў у кніжцы. Я рады, што яго суправаджаюць, дапаўняюць, інтэрпрэтуюць як пасьлямова Альгерда Бахарэвіча, якой я сапраўды ганаруся (спадар Альгерд пасьвячае мяне ў менчукоў), так і ілюстрацыі беларускай мастачкі Лізаветы Дубінчынай, якая, па-мойму, тонка адчула настрой зборніка.
Вячаслаў Лявіцкі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Кіеве. Скончыў Інстытут філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі (2009) і асьпірантуру пры ім (2012). Кандыдат філялягічных навук (з 2012 г.). Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Актыўны папулярызатар сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку суперакладчык на ўкраінскую мову паэтычнага зборніка Андрэя Хадановіча «Беларускі мужчына» і анталёгіі сучаснага беларускага апавяданьня «Як рыба аб лёд». Пераклаў шэраг твораў Уладзімера Караткевіча, Міхася Стральцова, а таксама Альгерда Бахарэвіча, Крысьціны Бандурынай, Веры Бурлак, Зьмітра Вішнёва, Лявона Вольскага, Вольгі Гронскай, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Віктара Жыбуля, Артура Камароўскага, Насты Кудасавай, Віктара Лупасіна, Уладзя Лянкевіча, Сержа Мінскевіча, Антона Рудака, Міхася Скоблы, Юлі Цімафеевай і іншых.
* * * *
Два вершы Вячаслава Лявіцкага зь «Менскага цыклю»
Салодкі санэт
На Зьмітрака Бядулі — у цукерні —
П’е каву думнасьць лістападу мерна.
Пэйзаж чарнее ўжо бяз рыс і меж.
Суворы выбар. Будзе лепш уранку
Узвар імберцавы з высокай шклянкі
Пад велічны палёт ампірных веж.
Спакой магнацкі ўсхопіцца ў імгненьне —
Чуць лета бабінага набліжэньне,
А ў здобнай бабцы йшчэ віруе ром.
Нагрэлася дарога. Неўзабаве
І сьвятлафор адрыне лета барвы,
Стынечу прадчуваючы нутром.
Дый раніцаю будзе нам адкрыта:
Хоць vita brevis, але dolce vita.
* * *
Раптоўны гай, бяроз рудая воласьць.
Імжа-бадзяга бамбардуе холаста.
Пусьцее паціхутку плошча Коласа.
Пільнуе свой аўтобус Якуб Колас.
Цяжка́я, чорная, бы крык жалобы,
Цераз бардзюр варона пераскочыць.
Пусьцее паціхутку плошча.
Пільнуйце ж свой аўтобус.
Тарнач завые, быццам воўк у руі.
А з тым, сіло няхітрае надзеі
Паціху апусьцее —
І не ўпільнуеш.
Пераклаў Серж Мінскевіч