Францускі дасьледчык, вірусоляг Люк Мантанье, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2008 году за адкрыцьцё вірусу ВІЧ, памёр ва ўзросьце 89 гадоў, паведамілі францускія крыніцы 10 лютага.
Мантанье памёр 8 лютага ў амэрыканскім шпіталі ў Парыжы. Іншых дэталяў няма.
У апошнія гады Мантанье згадваўся ў прэсе як кансьпіроляг аб паходжаньні COVID-19 і яго кампаніі супраць прышчэпак.
У 2020 годзе ён заявіў францускаму тэлеканалу CNews, што каранавірус ня ўзьнік натуральным чынам. Аднак экспэрты, якія вывучалі пасьлядоўнасьць геному вірусу, заявілі, што сьцьвярджэньні Мантанье лжывыя.
Мантанье ўзначаліў групу дасьледчыкаў, якія ў 1983 годзе вызначылі вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), што выклікае СНІД. За гэта ён атрымаў у 2008 годзе Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне, якую падзяліў са сваёй калегай Франсуазай Бар-Сінусі.
Сындром набытага імунадэфіцыту (СНІД) упершыню стаў вядомы грамадзкасьці ў 1981 годзе, калі амэрыканскія лекары адзначылі незвычайную групу сьмерцяў сярод маладых геяў у некалькіх гарадах.
Пазьней навуковая супольнасьць крытыкавала Мантанье за мноства дзіўных сьцьвярджэньняў. Так, ён неаднаразова выказваў здагадку, што аўтызм выкліканы інфэкцыяй, і праводзіў сумнеўныя экспэрымэнты, каб даказаць, што антыбіётыкі могуць вылечыць хваробу. Ён некалькі разоў выказваўся супраць вакцын, за што ў 2017 годзе атрымаў вымову ад 106 членаў Акадэміі навук і мэдыцыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як стыгма і «зачыстка» недзяржаўных арганізацый спрыяюць распаўсюду ВІЧ у Беларусі