Амбасада Расеі ў Кіеве «прапрацоўвае пытаньне» аб выезьдзе часткі дыпляматаў

Акцыя пратэсту беларускіх і ўкраінскіх актывістаў каля амбасады РФ у Кіеве

Амбасада РФ у Кіеве «актыўна прапрацоўвае» пытаньне выезду з Украіны часткі пэрсаналу

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на супрацоўніка дыппрадстаўніцтва, імя якога не называецца.

Раней у чацьвер на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве з кіраўніцай МЗС Вялікай Брытаніі Ліз Трас кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што расейскі МЗС можа параіць «неасноўнаму пэрсаналу» амбасады ў Кіеве выехаць у Расею. Ён абгрунтаваў такі крок асьцярогамі таго, што «англасаксы» (так расейскае МЗС традыцыйна называе ЗША і Вялікую Брытанію) нібыта рыхтуюць нейкія правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што шэраг заходніх краінаў, у тым ліку ЗША, раней вывезьлі частку супрацоўнікаў сваіх амбасадаў і іх сямейнікаў, а таксама раілі сваім грамадзянам пакінуць Украіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада вывезе сем’і супрацоўнікаў пасольства ў Кіеве

Краіны Захаду пайшлі на гэтыя крокі, перасьцерагаючыся расейскага збройнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Пры гэтым многія краіны ЭЗ ня сталі адклікаць сваіх дыпляматаў.

Расейскія ўлады раней заяўлялі, што амбасада ў Кіеве ня будзе эвакуавацца.

Лаўроў на прэсавай канфэрэнцыі зноў адмовіў пляны расейскага ўварваньня, заявіўшы, у прыватнасьці, што расейскія войскі, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, пасьля завяршэньня вучэньняў у гэтай краіне пакінуць яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: войскі Расеі будуць выведзеныя зь Беларусі пасьля вучэньняў
  • Кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін у інтэрвію «Московскому комсомольцу» ў чацьвер заявіў, што «ніякіх плянаў „уварваньня“ не было і няма», а заявы краінаў Захаду аб падрыхтоўцы расейскага ўварваньня назваў правакацыяй. У той жа час ён выказаў меркаваньне, што нейкія вонкавыя сілы падштурхоўваюць Украіну да наступу на Данбасе.
  • «Украінская ўлада, якую актыўна падштурхоўваюць да ваеннай авантуры, выдатна разумее свой лёс пасьля распальваньня канфлікту», — сказаў Нарышкін, стаўшы яшчэ адным прадстаўніком расейскіх уладаў, які выступіў з пагрозамі Украіне ў выпадку яе актыўных дзеяньняў супраць сэпаратыстаў, якія падтрымліваюцца Расеяй.
  • Краіны Захаду асьцерагаюцца, што Расея можа скарыстаць нейкую правакацыю на Данбасе, каб абвінаваціць Украіну ў распальваньні канфлікту і пачаць сваё ўварваньне.