Экс-прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча падазраюць у падбухторваньні да дэзэртырства

Віктар Януковіч, архіўнае фота, 2013 г.

Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны па ўзгадненьні з Офісам генэральнага пракурора выставілі былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу новае падазрэньне ў падбухторваньні вайскоўцаў Упраўленьня дзяржаўнай аховы да дэзэртырства. Пра гэта паведаміла ў сераду прэс-служба ведамства.

«24 лютага 2014 году былы прэзыдэнт Украіны, уцякаючы ад крымінальнай адказнасьці за злачынствы ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, схіліў намесьніка начальніка Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Ўкраіны — начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Ўкраіны да дэзэртырства. Як вынік, начальнік яго аховы не вярнуўся да месца службы па службовай выправе з тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Разам з тым падазраваны выехаў за межы Ўкраіны ў Расейскую Фэдэрацыю», — гаворыцца ў паведамленьні.

24 студзеня 2019 году Абалонскі раённы суд Кіева прызнаў Януковіча вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і дапамозе ў плянаваньні, падрыхтоўцы і вядзеньні агрэсіўнай вайны і прысудзіў яму 13 гадоў пазбаўленьня волі завочна. Былы прэзыдэнт назваў прысуд незаконным. Ён адмаўляе сваю віну ў гэтых і іншых інкрымінаваных яму злачынствах. Прысуд не набыў моцы, таму што быў абскарджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія горкі беларуска-ўкраінскай палітыкі. Як пагаршаліся стасункі Менску і Кіева

Акрамя таго, Януковіч абвінавачваецца ў расстрэлах на Майдане і ўзурпацыі ўлады праз канстытуцыйную рэформу 2010 году, якая павялічыла прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Віктар Януковіч зьехаў з Украіны ў лютым 2014 году пасьля расстрэлаў на Майдане. Ён хаваецца ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд дазволіў завочнае расьсьледаваньне супраць Януковіча ў справе аб расстрэлах на Майдане