Паводле заявы Памежнага камітэту Беларусі, латвійскі самалёт АН-2 парушыў беларускую мяжу.
Як паведамляе тэлеграм-канал Памежнага камітэту, раніцай 8 лютага беларускія памежнікі зафіксавалі парушэньне паветранай прасторы Беларусі з боку Латвіі.
Памежны камітэт сьцьвярджае, што лёгкаматорны самалёт АН-2 заляцеў на беларускую тэрыторыю на глыбіню 300 мэтраў і, абляцеўшы пункт пропуску Ўрбаны, вярнуўся ў Латвію.
Пазьней латвійская памежная служба адпрэчыла гэтае абвінавачаньне, выклаўшы GPS-маршрут самалёта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія працягнула рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю- Паводле Міністэрства абароны Беларусі, 24 студзеня з тэрыторыі Ўкраіны быў выпушчаны бесьпілётны лятальны апарат у раёне вёскі Пішча Ковельскага раёну Валынскай вобласьці Ўкраіны за 1,7 кілямэтра ад мяжы зь Беларусьсю. Пасьля набору рабочай вышыні ён перасек беларускую мяжу ў раёне вёскі Хмелішча Маларыцкага раёну, далей ён нібыта прайшоў у раён дысьлякацыі палігона «Берасьцейскі».
- З гэтай нагоды ў МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Украіны. Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, яму заявілі «рашучы пратэст у сувязі з мэтанакіраваным запускам бесьпілётнага лятальнага апарата з Украіны на тэрыторыю Беларусі».
- МЗС Украіны назваў заяву ўладаў Беларусі наконт БЛА «правакацыяй». «На зьмену мітычным „тонам зброі“ прыйшлі „бесьпілётнікі“. Украіна не выкарыстоўвала БЛА. Заклікаем Менск не падыгрываць дэстабілізацыйным дзеяньням Расеі. Спакой на мяжы Беларусі і Ўкраіны — у інтарэсах усяго рэгіёну», — напісаў у Twitter сьпікер украінскага МЗС Алег Нікаленка.