У панядзелак, 7 лютага, актывізаваліся міжнародныя намаганьні па ўрэгуляваньні крызісу вакол сытуацыі на мяжы Ўкраіны. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў перамовы ў Маскве, а канцлер Нямеччыны Оляф Шольц — у Вашынгтоне. Перамовы адбываліся на фоне ўзмацненьня пагрозы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Крамлі Эманюэль Макрон заклікаў да дээскаляцыі сытуацыі. «Патрэбен дыялёг — таму што гэта, на мой погляд, адзінае, што дапаможа выбудаваць падмурак для бясьпекі і стабільнасьці на эўрапейскім кантынэнце», — падкрэсьліў Макрон, дадаўшы, што ён «рады магчымасьці сур’ёзнай дыскусіі па гэтых пытаньнях», каб «пачаць працаваць над эфэктыўным адказам».
Пуцін, у сваю чаргу, вітаў ролю Францыі ў фармаваньні эўрапейскай бясьпекі, а таксама адзначыў, што перамовы адбыліся менавіта ў той дзень, калі Расея і Францыя падпісалі дамову аб сяброўстве 30 гадоў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон едзе ў Маскву, заявіўшы, што да Расеі трэба ставіцца «з павагай і разуменьнем сучасных траўмаў гэтай вялікай краіны»«Я разумею, што мы абодва падзяляем занепакоенасьць з нагоды таго, што адбываецца ў Эўропе ў сфэры бясьпекі», — сказаў Пуцін Макрону, дадаўшы, што шануе намаганьні францускага калегі, накіраваныя на забесьпячэньне «роўнай бясьпекі ў Эўропе» і на пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу.
Як паведаміў Белы дом, Макрон, які ў аўторак 8 лютага накіруецца ва Ўкраіну, у мінулую нядзелю пагаварыў праз тэлефон з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, абмеркаваўшы зь ім «дыпляматычныя намаганьні па стрымліваньні» (Расеі. — «Голас Амэрыкі»).
Перад сустрэчай з Пуціным Макрон заявіў: «Я ня веру ў спантанныя цуды».
У сваім інтэрвію францускай газэце Journal du Dimanche Макрон сказаў, што «бясьпека і сувэрэнітэт Украіны, як і любой іншай эўрапейскай дзяржавы, ня могуць быць прадметам кампрамісу, у той час як Расея мае права паставіць пытаньне аб уласнай бясьпецы». Макрон дадаў, што, на яго думку, «відавочна, што геапалітычная мэта Расеі цяпер не Ўкраіна, а ўдакладненьне правілаў яе суіснаваньня з NATO і ЭЗ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што краіны Захаду праігнаравалі патрабаваньні Расеі па бясьпецыПрэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў назваў візыт прэзыдэнта Макрона «вельмі важным», адзначыўшы, аднак, што варта прыцішыць чаканьні, бо «сытуацыя занадта складаная, каб чакаць пералому падчас адной сустрэчы», а таксама падкрэсьліўшы, што атмасфэра застаецца «напружанай».
У працяг глябальных дыпляматычных намаганьняў па ўрэгуляваньні ўкраінскай сытуацыі Оляф Шольц сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам у панядзелак, 7 лютага, у Вашынгтоне, пасьля чаго накіруецца ў Кіеў і Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры Францыі і Нямеччыны на днях наведаюць Маскву і КіеўЧакаецца, што Байдэн і Шольц абмяркуюць сытуацыю з расейскім газаправодам «Паўночны паток-2». Гэта будзе іх першая асабістая сустрэча пасьля таго, як Шольц узначаліў урад Нямеччыны каля двух месяцаў таму.
Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван у мінулую нядзелю зноў заявіў, што газаправод «Паўночны паток – 2» ня будзе запушчаны, калі Расея нападзе на Ўкраіну.