Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1» пракамэнтаваў рашэньне не ўтвараць участкі для галасаваньня за мяжой і зьвязаў гэта «з шэрагам прычын», піша Reform.by.
«Парадку недзе траціны нашых дыппрадстаўніцтваў не адкрываюць таму, што колькасьць людзей, якія могуць галасаваць на гэтым участку, меншая за 20 чалавек. А Выбарчым кодэксам прадугледжана, што ўчастак фармуецца для сама меней 20 і ня больш як 3 тысяч чалавек», — растлумачыў ён.
Другой падставай не адкрываць участкі ён назваў немагчымасьць паўнавартасна арганізаваць работу ўчасткаў у некаторых краінах праз «аптымізацыю дыпкорпусу». Таксама ён згадаў «пытаньні бясьпекі, у тым ліку санэпідбясьпеку».
«Ёсьць шэраг краін, дзе ў нас абмежаваны кантынгент дыпляматычных працаўнікоў з прычыны шэрагу абставін. Вы ведаеце, што сёньня ўведзены шэраг абмежаваньняў, санкцый і гэтак далей і, вядома, прайшла аптымізацыя тых супрацоўнікаў, якія там працуюць. Гэта таксама не дазваляе паўнавартасна арганізаваць працу ўчасткаў. Акрамя гэтага, пытаньні бясьпекі, уключаючы санэпідбясьпеку. Гэта значыць, у кожнай канкрэтнай краіне ёсьць нейкія абмежавальныя захады, якія ўвогуле не дазваляюць паўнавартасна арганізаваць гэтую працу», — сказаў Карпенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад некалькіх сотняў тысяч чалавек. Колькі беларусаў пазбавілі права галасаваць на рэфэрэндумеПаводле ягоных лічбаў, на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году за мяжой ад агульнага «сьпісачнага складу» беларускіх грамадзян галасавалі толькі 0,3%.
Раней у афіцыйным камэнтары прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз згадаў «20 актаў агрэсіі ў дачыненьні беларускіх дыпляматаў». Пры гэтым варта адзначыць, што ў жніўні 2020 году на бальшыні замежных участкаў Аляксандар Лукашэнка пацярпеў паразу ад Сьвятланы Ціханоўскай, некалькі паслоў выступілі супраць гвалту і за дэмакратычныя выбары без фальсыфікацый, што справакавала сур’ёзныя перамены ў дыпляматычных карпусах Беларусі ў шэрагу краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усё выдатна, а будзе яшчэ лепш». Як у Беларусі абмяркоўваюць новую КанстытуцыюКанстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».