Прэзыдэнт Чэхіі Зэман сумняваецца ў пагрозе ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Мілаш Зэман

Улады Расеі разумеюць, што санкцыі Захаду за напад на Ўкраіну будуць балючымі, заявіў Мілаш Зэман. Прэзыдэнт Чэхіі выступіў супраць узмацненьня ўсходняга флянгу NATO за кошт чэскіх сіл.

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман у інтэрвію тэлеканалу CNN Prima News паставіў пад сумнеў сур’ёзнасьць пагрозы ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Расейцы «не вар’яты», заявіў ён у нядзелю, 6 лютага. Паводле Зэмана, Расея разумее, што ў выпадку нападу набудзе значна менш, чым страціць з прычыны санкцый Захаду, якія прыйдуць за эскаляцыяй.

Чэскі лідэр ахарактарызаваў канфлікт вакол Украіны як «вайну словаў», якую, на яго думку, падаграваюць як Расея, так і заходнія дзяржавы. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы, які таксама займае пасаду галоўнакамандуючага Ўзброеных сіл Чэхіі, выступіў супраць накіраваньня вайскоўцаў у іншыя краіны ў рамках узмацненьня ўсходняга флянгу NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стрымліваць Расею мусім усе разам». У Кіеве пералічылі краіны, якія перадалі Ўкраіне вайсковую дапамогу

Зэман назваў «бразганьнем зброяй» магчымае накіраваньне чэскіх сіл у суседнюю з Украінай Славаччыну. Пры гэтым чэскі міністар замежных справаў Ян Ліпаўскі раней сьцьвярджаў, што накіраваньне дадатковых сіл Паўночнаатлянтычнага альянсу ва ўсходнія дзяржавы блёку паслужыць і бясьпецы самой Чэхіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абяцаюць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу ў выпадку агрэсіі Расеі

Рэакцыя МЗС Украіны

Між тым выказваньні афіцыйнай Прагі не засталіся незаўважанымі ў Кіеве. «Яшчэ адна спроба прэзыдэнта Зэмана нашкодзіць ўкраінска-чэскім адносінам завершыцца чарговай няўдачай», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба. Разам з тым кіраўнік чэскага зьнешнепалітычнага ведамства Ліпаўскі, на думку Кулебы, «прадстаўляе адказны ўрад, які разумее, якую небясьпеку Чэхіі і Эўропе ў цэлым нясе агрэсія Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны».

Расейскія войскі ля ўкраінскай мяжы

Напружанасьць у адносінах Захаду і Расеі за апошнія месяцы вырасла. Расея з другой паловы 2021 году перакінула ў анэксаваны Крым і да мяжы з Украінай больш за 100 тысяч вайскоўцаў, патлумачыўшы гэта вайсковымі вучэньнямі. Лідэры заходніх краін баяцца, што Масква рыхтуецца да вайны. Крэмль адмаўляе пляны такой апэрацыі і абвінавачвае Захад ва ўзбраеньні Ўкраіны і правядзеньні манэўраў каля расейскіх межаў.