Беларускія iOS-распрацоўнікі паведамляюць аб блякаваньні сваіх праграмаў кампаніяй Apple «з прычыны санкцыяў»

Беларускія iOS-распрацоўнікі, якія маюць акаўнты зь беларускім адрасам рэгістрацыі, атрымліваюць лісты ад Apple. У іх гаворыцца аб санкцыях і дэактывацыі акаўнта.

Скрыншот ліста ад карпарацыі ў рэдакцыю Zerkalo. io даслалі чытачы.

«Мы заўважылі праблему пры пацьвярджэньні вашага ўліковага запісу. Інфармацыя аб юрыдычнай асобе, зьвязаная з вашым уліковым запісам, цалкам адпавядае краіне з абмежаваным доступам або адной або некалькім краінам з зводнага кантрольнага сьпісу ўраду ЗША, санкцыйнага сьпісу іншага ўраду або сьпісу рэгіёнаў з абмежаваным доступам», — гаворыцца ў апавяшчэньні ад Apple.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія JYSK спыняе закупку рэклямы на беларускім дзяржаўным ТБ

Пры гэтым, як піша чытач, зыходзячы з дадзеных Аppstore connect (асабісты кабінэт распрацоўніка Apple), пад санкцыі, аб якіх кажа карпарацыя, трапляе менавіта юрыдычная асоба распрацоўніка, а ня банк, рахунак якога зарэгістраваны ў акаўнце.

«Як вынікае з таго, што я чую ад іншых калег-распрацоўнікаў — такі ліст атрымалі ўсе, хто зь Беларусі», — тлумачыць чытач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая фармацэўтычная кампанія спыніла рэкляму на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі

Пра такую ж праблему напісаў у Facebook распрацоўнік Яўген Шапашнікаў: паводле яго слоў, рахунак і гульні заблякаваныя з прычыны санкцыяў. «Гульні былі бясплатныя, без рэклямы. Асоба ў мяне фізычная. Грошай я ніякіх не зарабляў, нават наадварот — плаціў штогод па $100 за наяўнасьць акаўнта», — піша праграміст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская кампанія прыпыніла рэкляму на БТ пасьля акцыі беларускай дыяспары