4 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад аб стварэньні пры сваёй адміністрацыі рэспубліканскага Савета па гістарычнай палітыцы, паведамляе БЕЛТА.
Ён стане пастаянна дзейным міжведамасным кансультатыўным і каардынуючым органам «па правядзеньні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры гістарычнай памяці».
Савет будзе вызначаць стратэгіі і задачы гістарычнай палітыкі, распрацоўваць падыходы і меры па яе рэалізацыі; каардынаваць дзейнасьць дзяржорганаў і іншых арганізацый у сфэры гістарычнай палітыкі; рыхтаваць у рамках кампэтэнцыі праекты нарматыўных прававых актаў і заключэньняў; вывучаць маніторынг грамадзкай думкі па сацыяльна-гуманітарных пытаньнях.
Акрамя таго, савет будзе мець права ініцыяваць прысваеньне найменьняў геаграфічным аб’ектам і іх перайменаваньне, увекавечаньне памяці загінулых вайскоўцаў, вядомых асобаў, каардынаваць выдавецкую дзейнасьць, у тым ліку даваць рэкамэндацыі па прадухіленьні і спыненьні парушэньняў у галіне захаваньня гістарычнай памяці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля нарады ў Лукашэнкі заявілі, што зноў скарэктуюць падручнікі гісторыіПрадугледжваецца, што працаваць у Савеце на грамадзкіх пачатках будуць навукоўцы-гуманітарыі, грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх абʼяднаньняў, экспэртнай супольнасьці, дзяржаўных органаў і арганізацый. Ключавую ролю ў працы савета будзе выконваць Нацыянальная акадэмія навук.
Рашэньні савету будуць абавязковымі для кіраўніцтва ў працы ўсіх зацікаўленых.
Пра неабходнасьць стварэньня такога савету Лукашэнка загаварыў на адной з нарадаў. У прыватнасьці ён заявіў, што некаторым гістарычным пэрыядам не пашкодзіла б даць «адэкватную ацэнку». Пасьля гэтай нарады кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка заявіў аб неабходнасьці ўнесьці «пэўныя карэктывы» ў падручнікі па гісторыі для школьнікаў і студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў пэрыяд Рэчы Паспалітай «этнацыдам беларусаў»