Эстонія ўвяла санкцыі на транзыт мінэральных аліваў зь Беларусі

Кая Калас

Эстонскі ўрад ухваліў прапанову міністра замежных спраў Эвы-Марыі Ліймэтс аб увядзеньні санкцыяў у дачыненьні да мінэральных аліваў зь Беларусі.

Пра гэта піша рэсурс reform.by са спасылкай на сайт ураду Эстоніі.

Санкцыі будуць накладзеныя на мінэральныя алівы на аснове вугалю зь Беларусі, гэта значыць на нафтапрадукты пад таварным кодам 2707, якія не падпадаюць пад сэктаральныя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам, і транзыт якіх праз Эстонію да гэтага часу быў магчымы.

ЭЗ увёў санкцыі на нафтапрадукты ў чэрвені 2021 году, аднак, паводле дадзеных Статыстычнага ўпраўленьня Эстоніі, імпарт таварнай групы 2707 у гэтую краіну зь лістапада 2020 году павялічыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць Беларусі на транзыт нафтапрадуктаў

«Нашыя прынцыпы ў зьнешняй палітыцы і ўнутры краіны павінны быць пасьлядоўныя», — падкрэсьліла эстонскі прэм’ер Кая Калас.

Па яе словах, у цяперашняй сытуацыі зь бясьпекай нельга дапусьціць прабелаў ці неадпаведнасьцяў.

«Ад гэтага залежыць эфэктыўнасьць санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама наш уласны міжнародны аўтарытэт і голас», — заявіла палітык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва забараніла транзыт «Беларуськалію». Што гэта значыць для Беларусі. ВІДЭА

«Сёньняшняе рашэньне ўраду аб увядзеньні ў Эстоніі дадатковай санкцыі на нафтапрадукты зь Беларусі, на дадатак да санкцыяў Эўразьвязу, выпраўляе буйную шчыліну. Мы таксама прыцягваем увагу да гэтага прабелу на міжнародным узроўні — Эстонія прапануе ўвесьці санкцыі супраць гэтай групы тавараў ва ўсім ЭЗ, і я ўзьніму гэтае пытаньне на заўтрашняй сустрэчы прэмʼер-міністраў краінаў Балтыі», — паведаміла яна.