У заяве, якая зьявілася на афіцыйным сайце клюбу, гаворыцца, што ў міжсэзоньні клюб сутыкнуўся «з праблемамі, вырашыць якія аказалася не па сілах». Галоўная прычына добраахвотнага паніжэньня ў клясе — немагчымасьць дамовіцца аб арэндзе са стадыёнам, які б адпавядаў крытэрам ліцэнзаваньня.
«Больш за тое, мы не змаглі знайсьці нават палі для вучэбна-трэніровачных заняткаў каманды. Менавіта таму затрымалі выхад з адпачынку, не змаглі захаваць хлопцаў зь леташняга складу і трэнэрскі штаб. Усюды, куды б мы не зьвярталіся, атрымлівалі адмову», — гаворыцца ў заяве клюбу.
Яго прадстаўнікі адзначаюць, што пасьля таго, як САК «Алімпійскі» адмовіў ім у працягу дамовы супрацоўніцтва, яны зьвярталіся ў ФК «Мінск», РЦАР-БДУ і стадыён «Азёрны» ў Смалявічах, але паўсюль ім па розных прычынах адмовілі. З улікам абставінаў клюб прыняў рашэньне адмовіцца ад выступу ў першай лізе, а другая ліга «па сутнасьці аматарская і там няма, як у першай, строгіх ліцэнзійных крытэраў, у тым ліку інфраструктурных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта каманда з бунтарскім духам». Чаму «Крумкачам» не даюць гуляць у МенскуУ папярэднім сэзоне «Крумкачы» занялі трэцяе месца ў першай лізе і прайгралі ў стыкавых матчах за права выступаць у мацнейшым дывізіёне. Потым у каманды пачаліся праблемы са стадыёнам для трэніровак і матчаў — САК «Алімпійскі» адмовіў у падаўжэньні арэнды. Паводле інфармацыі футбольных СМІ, з прычыны ўмяшаньня кіраўніка фэдэрацыі Ўладзімера Базанава.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году клюб ня раз выказваў салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў ад гвалту. Журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна асудзілі на два гады калёніі.
Склад удзельнікаў другой лігі будзе зацьверджаны на выканкаме фэдэрацыі 1 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскаму футбольнаму клюбу «Крумкачы» не працягнулі арэнду стадыёну. Журналіст: гэта асабісты загад старшыні фэдэрацыі футболу