Тры гады таму ў цэнтры Берасьця пачалі будаваць элітны жылы комплекс «Прыбускі квартал». На тэрыторыі болей за 0,8 га зьнесьлі старыя будынкі, арганізавалі будаўнічую пляцоўку і нават пачалі прадаваць жыльлёвыя аблігацыі, піша Most. Але ў лютым 2019 году на месцы работ знайшлі астанкі вязьняў берасьцейскага гета — усяго каля 1200 чалавек.
Менавіта ў гэтым раёне ў гады ІІ усясьветнай вайны былі так званыя «расстрэльныя двары», дзе ў 1942 годзе нацысты масава забівалі берасьцейскіх габрэяў. Большасьць зь іх вывезьлі на Бронную гару, дзе расстралялі, але шмат хто хаваўся ў горадзе. Там іх шукалі і забівалі.
Знойдзеныя парэшткі перапахавалі на могілках пры ўдзеле габрэйскай грамады Берасьця, будоўлю спынілі. Забудоўшчык быў ня супраць працягваць, але грамадзкі рэзананс вымусіў улады скасаваць дамову. Актывісты зьбіралі подпісы за тое, каб увогуле забараніць там узьвядзеньне будынкаў і стварыць мэмарыяльны сквэр у гонар 30 000 берасьцейцаў габрэйскай нацыянальнасьці, якія да той вайны складалі больш за палову жыхароў гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антысэмітызм нікуды не падзеўся». Чаму парэшткі ахвяр гета ў Берасьці перапахавалі за горадамАднак у выканкаме не прыслухаліся да думкі часткі месьцічаў, і ўчастак з катлаванам выставілі на аўкцыён. Згодна з умовамі, пераможца таргоў павінен дабудаваць жылы комплекс — чатырохпавярховы дом са спадарожнай інфраструктурай. У сьнежні 2021 году адбылася першая спроба знайсьці інвэстара, у студзені 2022-га — другая, але прапановай уладаў ніхто не зацікавіўся.
Кіраўнік Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук казаў, што спробы ліквідаваць даўгабуд у цэнтры праз продаж аб’екта будуць працягнутыя.
22 лютага на пляцоўцы «Берасьцейскага гарадзкога цэнтру кіраваньня нерухомасьцю» адбудзецца новы аўкцыён з паніжэньнем пачатковай цаны на 50%. Цяпер яна складзе 1 мільён 381 тысячу 171 рубель. Новы ўласьнік павінен будзе не пазьней як праз паўгода пасьля заключэньня дамовы пачаць будаўнічыя працы.
У Берасьці выявілі парэшткі вязьняў гета. Што важна ведаць
У Берасьці на будоўлі жылога комплексу «Прыбускі квартал» выявілі парэшткі вязьняў гета, расстраляных падчас нямецкай акупацыі. Дом мусяць узьвесьці на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава.
- Пошукавыя работы на месцы знаходжаньня парэшткаў вяліся з 24 студзеня па 26 сакавіка. Выяўленыя парэшткі 1214 чалавек.
- Сусьветны габрэйскі кангрэс заклікае спыніць будаўніцтва дома. Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісаліся больш 745 чалавек. На момант публікацыі будаўніцтва не спынілі.
- Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук заявіў, што ад краю фундамэнту будынка да пахаваньня — 5 мэтраў. На месцы, дзе выявілі парэшткі, ён паабяцаў арганізаваць зялёную зону і мэмарыяльную пліту. Ён заявіў, што парковак і дзіцячых пляцовак на месцы пахаваньняў ня будзе.
- Парэшткі плянуюць перапахаваць у траўні на берасьцейскіх могілках «Паўночныя» побач з усталяваным у 2011 годзе помнікам ахвярам Галакосту.