«У апошнія дні мы назіраем значнае перамяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусь. Гэта найбуйнейшае расейскае разгортваньне там з часоў „халоднай вайны“», — сказаў Столтэнбэрг журналістам у штаб-кватэры NATO ў Брусэлі.
Паводле яго, Расея, у прыватнасьці, перадала ў Беларусь зьнішчальнікі, ракетныя комплексы «Іскандэр», сыстэмы супрацьракетнай абароны С-400.
Столтэнбэрг заклікаў Расею да «дээскаляцыі» і паўтарыў папярэджаньне Захаду, што «любая далейшая расейская агрэсія будзе мець сур’ёзныя наступствы і вялікія выдаткі».
NATO ня мае намеру адпраўляць войскі ва Ўкраіну ў выпадку магчымага расейскага ўварваньня, але пачало ўмацоўваць абарону суседніх дзяржаў-чальцоў, у тым ліку Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Альянс таксама плянуе ўзмацніць абарону ў Чарнаморскім рэгіёне каля Баўгарыі і Румыніі.
Сумесныя вайсковыя вучэньні паміж Расеяй і Беларусьсю каля межаў Украіны пачнуцца 9 лютага і павінны скончыцца 20 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з Шайгу і згадаў Украіну: «Палезуць — атрымаюць! Вось і ўся вайна»