3 лютага беларускую юрыдычную асобу PandaDoc выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэестру. У 2021 годзе кампанія адкрыла офісы ва Ўкраіне і Польшчы, паведамляе dev.by.
На пачатку пратэстаў 2020 году заснавальнік амэрыканскай IT-кампаніі PandaDoc прапанаваў фінансавую дапамогу беларускім сілавікам, якія адмовяцца выконваць загады і ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў. У адказ улады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў ягонай кампаніі.
Пасьлявыбарчы перасьлед PandaDoc
2 верасьня 2020 году ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы, чатырох супрацоўнікаў затрымалі нібыта за крадзеж зь бюджэту:
- дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча,
- мэнэджара па прадукце Віктара Куўшынава,
- галоўную бухгальтарку Юлію Шардыку,
- HR-мэнэджара Ўладзіслава Міхалапа.
У выніку 4 мэнэджараў арыштавалі і абвінавацілі паводле артыкулу 210 КК у выкраданьні сродкаў шляхам злоўжываньня службовым становішчам у асабліва буйным памеры.
11 кастрычніка, неўзабаве пасьля сэнсацыйнага візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, вызвалілі дырэктар менскага прадстаўніцтва PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча, яшчэ праз два дні зьмянілі меру стрыманьня Юліі Шардыцы і Ўладзіславу Міхалапу.
Дырэктара па прадукце Віктара Куўшынава вызвалілі толькі 20 жніўня 2021 году. Пасьля гэтага Генпракуратура спыніла крымінальную справу супрацоўнікаў PandaDoc.
Кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада зьвязаў крымінальны перасьлед супрацоўнікаў з праектам дапамогі беларускім сілавікам, якія звольніліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэнэджар PandaDoc Куўшынаў напісаў успаміны пра «хрышчэньне» карцарам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: PandaDoc увайшла ў рэйтынг найлепшых тэхналягічных кампаній Паўночнай Амэрыкі