Творы Шагала палякі купілі ў адным са швайцарскіх аўкцыённых дамоў, часткова на аўкцыёне, часткова за яго межамі. За некаторыя работы, як расказалі Польскаму агенцтву друку супрацоўнікі музэю, давялося шмат змагацца, зьмяняючы пачатковую цану. Куратары калекцыі называюць творы віцебскага мастака «адным з найлепшых набыткаў у музэі за апошнія гады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-7 віцебскіх адрасоў Марка ШагалаУсе новыя творы будуць выстаўленыя для наведнікаў музэю ўвесну. Яны прысьвечаны габрэйскай і хрысьціянскай тэматыцы, а таксама Віцебску і ваколіцам.
У набытую калекцыю ўвайшлі такія творы, як «Вакол кнігі Выхаду», «Маё жыцьцё», «Цар Давід з арфай», «Ушанаваньне», «Затока анёлаў», «Фантастычная сцэна на ружова-зялёным фоне», «Жанчына з чырвоным сонцам», «Ружовы дзень сьвятога Валянціна».
Згаданыя карціны былі напісаныя ў часы росквіту тэхнік маляваньня і графікі ў Заходняй Эўропе ў 1960-1970-я гады. Усе набытыя для Нацыянальнага музэя ў Варшаве творы маюць сэртыфікат з пацьвярджэньнем сапраўднасьці, выдадзены Парыскім камітэтам Марка Шагала — установай, якая адказвае за спадчыну мастака. З прычыны строгіх патрабаваньняў да кансэрвацыі працы Шагала ня могуць быць выстаўленыя на пастаяннай аснове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску знайшлі спонсараў для аднаўленьня «шагалаўскай» сынагогі