МЗС заявіла, што ўчасткаў для галасаваньня на рэфэрэндуме за мяжой ня будзе. Прадстаўнік Ціханоўскай: Баяцца экзыт-полаў

МЗС Беларусі абвясьціла, што падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму за мяжой участкі для галасаваньня адкрываць ня будуць.

Як заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, на сёньня больш за траціну замежных установаў не ўтваралі ўчасткаў з прычыны «нязначнай колькасьці грамадзянаў, якія стаяць на консульскім уліку». Доля тых, хто галасуе за мяжой, адзначыў ён, складае менш за адзін працэнт.

Гаворачы пра прычыны прынятага рашэньня, Глаз пачаў зь Літвы і Латвіі, дзе, паводле яго, «у выніку дзеяньняў» уладаў гэтых краінаў няма дастатковай колькасьці пэрсаналу, каб забясьпечваць працу ўчастку. Іншым чыньнікам ён назваў рост захворваньня на COVID-19 у некаторых краінах, дзе таксама ўведзеныя «цьвёрдыя абмежаваньні па перасоўваньні асоб паміж рэгіёнамі».

Большая частка заявы была прысьвечаная пытаньням бясьпекі амбасадаў за мяжой і пагрозам у адносінах да работнікаў місіяў, а таксама «акцыям хуліганскага і экстрэмісцкага характару». Глаз сьцьвярджае, што са жніўня 2020 году па сьнежань 2021-га было ўчынена больш за 20 актаў агрэсіі ў дачыненьні да беларускіх дыпляматаў, вандалізму з пашкоджаньнем маёмасьці.

На гэтым фоне, як заявіў прэс-сакратар ведамства, шэраг кіраўнікоў дыпмісій прынялі «цалкам лягічнае і абгрунтаванае рашэньне не ўтвараць участкі ў сувязі зь няўпэўненасьцю ў забесьпячэньні іх бясьпекі з боку ўладаў краінаў знаходжаньня».

Пры гэтым Анатоль Глаз заявіў, што гэта «ніякім чынам не перашкаджае канстытуцыйнаму праву грамадзянаў Беларусі прыняць удзел» у рэфэрэндуме. Усім беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, ён прапанаваў прагаласаваць у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня ЦВК паведаміў пра фармаваньне выбарчых камісій. І заблытаўся ў падліках

Камэнтуючы гэтае рашэньне МЗС «Нашай Ніве», спэцпрадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях выбараў Аляксандар Шлык выказаў меркаваньне, што яно прадыктаванае немагчымасьцю забараніць праводзіць экзыт-полы пасьля галасаваньня. Ён сказаў, што ў 2020 годзе вынікі экзыт-полаў за мяжой радыкальна адрозьніваліся ад афіцыйных вынікаў на такіх участках.

«Наша Ніва» нагадвае, што нават па афіцыйных зьвестках у Нью-Ёрку за Ціханоўскую прагаласавалі 93,2%, у Мюнхэне — 91,7%, у Тэль-Авіве — 91,5%, у Лёндане — 80,1%, у Рыме — 79,7%, у Стакгольме — 75,6%. Пры гэтым экзыт-полы ў некаторых краінах давалі ёй да 95% галасоў.

Паводле Аляксандра Шлыка, цяпер за межамі Беларусі знаходзіцца да паўмільёна грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канчатковы вынік экзыт-полу на замежных участках: 86,77% за Ціханоўскую, 3,9% — за Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады выдаткуюць на правядзеньне рэфэрэндуму 20,3 млн рублёў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да аховы ўчасткаў на рэфэрэндуме прыцягнуць «дружыньнікаў»