ЗША перакідаюць ва Ўсходнюю Эўропу 2 тысячы вайскоўцаў

Амэрыканскія вайскоўцы на вучэньнях у Польшчы

У краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы ў найбліжэйшым часе будуць накіраваныя 2000 амэрыканскіх вайскоўцаў — для ўмацаваньня бясьпекі краінаў NATO ў сувязі з пагрозай расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Джо Байдэна. Раней сёньня гэтую інфармацыю пашырыў тэлеканал CNN.

Паведамляецца, што 2 тысячы вайскоўцаў ЗША будуць перакінутыя з базы Форт Брэг у штаце Паўночная Караліна ў Польшчу і Нямеччыну, а яшчэ тысяча, што дысьлякуюцца цяпер у Нямеччыне, — у Румынію.

Дадатковыя войскі ЗША ня будуць браць ніякага ўдзелу ў патэнцыйна магчымых баявых дзеяннях ва Ўкраіне. Пра гэта заявіў у сераду на брыфінгу для журналістаў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кэрбі.

«Гэтыя сілы ня маюць намеру ваяваць ва Ўкраіне. Яны будуць забясьпечваць надзейную абарону нашых саюзьнікаў з NATO», - падкрэсьліў ён.

Раней ЗША прывялі 8500 вайскоўцаў у стан поўнай гатовасьці да адпраўкі ў Эўропу. Як паведамляе CNN, у Польшчу і Румынію будуць адпраўленыя часткова вайскоўцы з гэтага ліку, а часткова — зь іншых эўрапейскіх краінаў, дзе ўжо цяпер знаходзяцца амэрыканскія вайскоўцы, перш за ўсё зь Нямеччыны. Паводле дадзеных агенцтва Reuters, з ЗША прыбудуць прыкладна 2 тысячы вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: Расея ня мае права вэта на рашэньне Ўкраіны ўступіць у NATO

Байдэн на мінулым тыдні заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы будуць накіраваныя ў Эўропу «ў найбліжэйшым часе», дадаўшы, што гаворка ідзе пра невялікую колькасьць вайскоўцаў.

Паведамлялася таксама, што Брытанія неўзабаве накіруе ў Польшчу і Эстонію дадатковы кантынгент.

ЗША і іх саюзьнікі неаднаразова заяўлялі, што любыя агрэсіўныя дзеяньні Расеі ў адносінах да Ўкраіны прывядуць да росту колькасьці вайскоўцаў NATO, разьмешчаных на так званым усходнім флянгу Паўночнаатлянтычнага саюзу. Адпраўка войскаў у саму Ўкраіну не плянуецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: El País апублікавала адказы ЗША і NATO па гарантыях бясьпекі Расеі. Згадваецца і Беларусь