Да аховы ўчасткаў для галасаваньня падчас правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму плянуецца прыцягваць дружыньнікаў, паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Ігар Карпенка.
«МУС будзе забясьпечваць грамадзкі парадак традыцыйна на ўсіх участках для галасаваньня. Акрамя гэтага, дамовіліся, што работнікі органаў унутраных спраў могуць прыцягваць добраахвотныя народныя дружыны».
Паводле кіраўніка ЦВК, «гэта нармальная практыка, усе рашэньні прынятыя, ёсьць адпаведныя пастановы». Таксама паведамляецца, што 1 лютага назіраньне за кампаніяй па рэфэрэндуме пачала місія ад СНД. У яе складзе плянуецца да 120 ўдзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня ЦВК паведаміў пра фармаваньне выбарчых камісій. І заблытаўся ў падлікахСярод міжнародных арганізацый сваіх назіральнікаў у Менск таксама адправіць Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Цэнтральная камісія накіравала запрашэньні ў цэнтральныя выбарчыя органы Азэрбайджану, Армэніі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расеі, Туркмэністану, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Назіральнікаў ад АБСЭ і ад заходніх дзяржаваў улады нават не запрашалі.
Напярэдадні Цэнтравыбаркам акрэдытаваў 875 нацыянальных назіральнікаў. Большасьць зь іх вылучылі праўладныя палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні (Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, «Белая Русь», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады выдаткуюць на правядзеньне рэфэрэндуму 20,3 млн рублёўПрадстаўнікоў апазыцыйных партый сярод назіральнікаў, як і ў складзе сфармаваных на гэты момант тэрытарыяльных выбарчых камісій, няма.
Пра фармаваньне дружынаў у дапамогу міліцыі ўлады заявілі яшчэ ў кастрычніку 2020 году, на фоне буйных маршаў пратэстаў у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Эўрапарлямэнту назвалі рэфэрэндум аб Канстытуцыі фікцыяйКанстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».