Купалаўскі тэатар зноў шукае актораў. Ужо ў шосты раз ад жніўня-2020

Пратэст супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру 17 жніўня 2020 году

Нацыянальны драматычны тэатар імя Янкі Купалы зноў абвясьціў кастынг.

Аб правядзеньні чарговага прагляду патэнцыйных актораў паведамляе адміністрацыя Купалаўскага тэатру. Апошні раз адбор у тэатар абвяшчалі зусім нядаўна — у сярэдзіне лістапада 2021 году.

На прагляд запрашаюць прафэсійных артыстаў і студэнтаў з профільнай адукацыяй ва ўзросьце ад 21 да 70 гадоў.

У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэоляг вытрымаў паўгода. У Вялікага тэатру Беларусі новы кіраўнік

Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэм’ерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня летась «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.

У трупе Купалаўскага тэатру засталіся толькі некалькі чалавек, у тым ліку Вольга Няфёдава, якая стала мастацкай кіраўніцай тэатру. Астатнія акторы новыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўцы» онлайн пакажуць «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звальняюць дырэктара менскага Тэатру юнага гледача