Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да судзьдзі Акруговага суду Варшавы Дарыюша Лубоўскага, які адмовіў у выдачы блогера Сьцяпана Пуцілы беларускім судовым органам.
Згодна з абвінавачаньнем Генпракуратуры, падчас пасяджэньня Дарыюш Лубоўскі нібыта «публічна распаўсюдзіў заведама недакладную інфармацыю, накіраваную на распальваньне нацыянальнай і сацыяльнай варожасьці, абразіў і абгаварыў вышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь», і яго дзеяньні «пацьвярджаюць сьвядомую тэндэнцыйнасьць і сфабрыкаванасьць судовага працэсу», «яго палітызаванасьць і заказны характар».
26 студзеня польскі суд разгледзеў запыт беларускага боку аб экстрадыцыі заснавальніка Nexta. Судзьдзя Дарыюш Лубоўскі адмовіўся выдаваць Пуцілу са словамі «нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псыхапатычны дыктатар».
Улады Беларусі абвінавачваюць Сьцяпана Пуцілу ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 3 арт. 293, ч. 1 і 2 арт. 342 КК Беларусі), а таксама ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў.
Рэакцыі судзьдзі Дарыюша Лубоўскага пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Варшаве адмовіўся выдаць Беларусі заснавальніка Nexta Сьцяпана Пуцілу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Нямеччыне справа Пуцілы нават не дайшла б да суду». Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі