Прэзыдэнт Украіны падпісаў указ аб пераходзе да прафэсійнай арміі і павелічэньні яе колькасьці на 100 тысяч чалавек

Украінскія вайскоўцы на лініі фронту з прарасейскімі сэпаратыстамі ў Луганскай вобласьці

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 1 лютага падпісаў указ «Аб павышэньні абараназдольнасьці і прывабнасьці вайсковай службы». Ён зрабіў гэта падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе.

Паводле Зяленскага, дакумэнт прадугледжвае:

  • павелічэньне матэрыяльнага забесьпячэньня ўсіх вайскоўцаў да ўзроўню, не ніжэйшага за тры мінімальныя заработныя платы (мінімальная заработная плата з пачатку 2022 году складае 6,5 тысячы грыўняў, $225);
  • пераход Украіны на «прынцыпы прафэсійнай арміі»;
  • павелічэньне тэрміну кантрактаў;
  • распрацоўку канцэпцыі жытла для вайскоўцаў, вэтэранаў, іхных сямейнікаў;
  • сыстэму кар’ернага росту афіцэраў;
  • павелічэньне ў наступныя тры гады колькасьці Узброеных сіл на 100 тысяч чалавек прафэсійнай арміі, стварэньне дадаткова 20 брыгад Узброеных сіл.

«Гэты ўказ — пачатак пераходу Ўкраіны да прафэсійнага войска. Гэты ўказ не таму, што хутка вайна, я гэта ўсім кажу. Гэты ўказ за мір ва Ўкраіне ў найбліжэйшы час і ў будучыні. Я рады падпісаць гэты ўказ у вашай прысутнасьці», — пракамэнтаваў свой крок Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўства ў NATO, вучэньні ў Беларусі, санкцыі супраць Расеі. Пра што гаварыў Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі. ВІДЭА
  • Згодна з украінскім заканадаўствам, колькасны склад і правіла фармаваньня ўкраінскай арміі вызначаюць адпаведныя законы, якія ўхваляе Вярхоўная Рада Ўкраіны. У прыватнасьці, колькасьць войска зацьвярджаецца кожны год адмысловым законам на падставе прапаноў кіраўніка дзяржавы.
  • У канцы 2021 году парлямэнт Украіны ўхваліў рашэньне аб павелічэньні ў 2022 годзе колькасьці арміі на 11 тысяч — да 261 тысячы асобаў, у тым ліку 215 тысяч кантрактнікаў.
  • Сёлета Украіна пачала ствараць сілы тэрытарыяльнай абароны (да 10 тысяч), на адну тысячу павялічаць колькасьць Сіл спэцыяльных апэрацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: У выпадку расейскай атакі Ўкраіна можа мабілізаваць да 2,5 млн чалавек