Дзярждэпартамэнт ЗША распарадзіўся вывезьці сем’і амэрыканскіх дыпляматаў зь Беларусі

Амбасада ЗША ў Менску

Эвакуацыя сем’яў супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі адбудзецца праз магчымую эскаляцыю напружаньня вакол Украіны.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША аддаў загад вывезьці сем’і дыпляматаў з тэрыторыі Беларусі, дзе ў апошнія тыдні сканцэнтраваліся шматтысячныя войскі Расеі, а небясьпека расейскага нападу на Ўкраіну павялічылася.

Грамадзянам ЗША не рэкамэндуецца ехаць у Беларусь. Краіне надалі 4-ы ўзровень небясьпекі. Тым амэрыканцам, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, рэкамэндуецца захоўваць пільнасьць і асьцярожнасьць.

«Не рабіце паездак у Беларусь з прычыны адвольнага прымяненьня законаў, пагрозы затрыманьня, а таксама празь незвычайнае нарошчваньне вайсковай магутнасьці РФ уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы», — адзначае Дзярждэпартмаэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Брытанія эвакуююць частку сваіх дыпляматаў з Кіева. У МЗС Украіны лічаць гэтыя крокі заўчаснымі

Таксама ў сваім паведамленьні амэрыканскае ведамства адзначае, што «Беларусь прымяняе спэцыяльныя абмежаваньні ў дачыненьні асоб з двайным грамадзянствам ЗША і Беларусі і можа адмовіцца ад прызнаньні двайнога грамадзянства, у тым ліку адмовіць або адтэрмінаваць консульскую дапамогу» людзям, якія маюць два пашпарты.

У МЗС Беларусі паведамілі агенцтву «РИА Новости», што «ЗША не валодаюць сытуацыяй ва Ўсходняй Эўропе, прымаюць палітызаваныя рашэньні для нагнятаньня абстаноўкі, а дыпляматам у Беларусі нічога не пагражае».

Тры этапы перамоваў заходніх краін з Крамлём не далі належнага посьпеху. Расея пратэстуе супраць пашырэньня NATO на ўсход, а ЗША і шэраг іншых краін папярэджваюць Пуціна пра моцныя санкцыі ў выпадку нападу на тэрыторыю Ўкраіны. У Беларусь прыбылі шматлікія эшалёны расейскай вайсковай тэхнікі, прычым многія занялі пазыцыі, блізкія да мяжы з Украінай, але далёкія ад заяўленых пазыцый у задуме вайсковых вучэньняў «Саюзная рашучасьць», на якія яны афіцыйна прыбылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы кажуць пра магчымае закрыцьцё пасольства ЗША ў Менску. Вось што адказалі ў Дзярждэпартамэнце