Унутраны дзярждоўг за 2021 год вырас на 19,9%, замежны скараціўся на 1,9%

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства фінансаў Беларусі паказала лічбы, як зьмянілася за год унутраная і вонкавая запазычанасьці і колькі заплянавана выдаткаваць на іх пагашэньне сёлета.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня склаў 58,3 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2021 году на 0,5 млрд рублёў, ці на 0,9%, паведаміла Міністэрства фінансаў.

Замежны дзярждоўг па стане на 1 студзеня склаў 18,2 млрд даляраў ЗША, ён з пачатку году зьменшыўся на 0,4 млрд даляраў (з улікам курсавых розьніц), або на 1,9%.

Летась прыцягнулі замежныя дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 1 млрд 273,1 млн даляраў, пагашэньне замежнага дзяржаўнага доўгу склала 1 млрд 609 млн даляраў ЗША.

Унутраная дзяржаўная пазыка па стане на 1 студзеня — на ўзроўні 11,8 млрд рублёў, яна павялічылася з пачатку году на 2 млрд рублёў (з улікам курсавых розьніц), або на 19,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк паведаміў, каму і колькі была вінная Беларусь у 2020 годзе

У 2021 годзе разьмешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізычных асоб на суму, эквівалентную 1 млрд. 237,8 млн даляраў і 191 млн рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізычных асоб на суму, эквівалентную 333,1 млн даляраў і 145 млн рублёў.

Як паведамлялася, на пагашэньне дзяржаўнага доўгу сёлета дзяржава заплянавала выдаткаваць 6 млрд 936,3 млн рублёў, на яго абслугоўваньне — 3 млрд 522,4 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму прасядае беларускі рубель і пры чым тут Украіна, разьбіраемся