На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы навуковы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.
Львоўскі
- Дакумэнт, які атрымала «Наша Ніва», — гэта сапраўдны дакумэнт. Насамрэч, ён ужо быў апублікаваны на афіцыйных сайтах, проста мы яго прапусьцілі.
- Але і ў гэтай, больш падрабязнай вэрсіі мэханізмы не прапісаныя. Прапісаныя крокі, якія мяркуецца зрабіць, вызначаныя крокі выкананьня. Прапісаны пералік законаў, якія трэба ўніфікаваць.
- Дʼябла, які б хаваўся ў дэталях гэтага дакумэнту, я ня ўбачыў. Ён хаваецца хутчэй у тых дэталях, якія не прапісаныя дакладна. Там шмат словаў «гарманізацыя», «уніфікацыя», якія можна трактаваць па-рознаму.
- Адрозьненьняў у палітыцы дзьвюх краінаў шмат, узяць хаця б стаўленьне да крыптавалютаў. ЦБ РФ заявіў, што будзе зь імі змагацца, Беларусь намінальна спрабавала быць крыпта-афшорам.
- Баюся, што форма пагадненьняў, якія прадугледжаныя дэкрэтам, будзе вызначацца паводле права моцнага. Але іншы варыянт — што і паводле права склізкага.
- Калі Беларусь будзе мець вострую патрэбу ў крэдытах, то ня выключана, што пры надыходзе дэдлайнаў заключэньня гэтых дадатковых дамоваў Пуцін зможа трактаваць умовы дэкрэту на сваю карысьць, у тым сэнсе, што Беларусь павінна перайсьці на расейскія правілы.
- Пытаньне ў тым, наколькі Расея гатовая кампэнсаваць Беларусі і асабіста Лукашэнку пераход на расейскія рэйкі. І гэта шмат чаго варта. Расея — краіна, якая здабывае шмат прыродных рэсурсаў, Беларусь — краіна, якая іх імпартуе.
- У дакумэнце няма ніякіх пэўных абавязаньняў Расеі на выпадак, калі Беларусь уніфікуе сваё заканадаўства на капыл расейскага. Не напісана там: калі Беларусь усё ўніфікуе — Расея дасьць грошы.
- У самім дакумэнце наўпрост не прапісана, што Беларусь абавязкова страціць ладную частку сувэрэнітэту. Мы жывем у сытуацыі, у якой праз праблемы зь легітымнасьцю, праз праблемы з грамадзкай падтрымкай Лукашэнка ўсё часьцей зьвяртаецца па падтрымку ў Маскву. Але гэта пытаньне не эканамічнае, а палітычнае.
- Адсутнасьць рэгулятараў — гэта хутчэй добрая навіна. У нашых умовах цяжка ўявіць наднацыянальны орган, які будзе незалежны ад двух лідэраў — Лукашэнкі і Пуціна.
- Немагчыма стварыць саюзны орган улады, які б улічваў інтарэсы абедзьвюх краінаў. Калі вы будзеце разважаць эканамічна, то вы будзеце выбіраць пазыцыю Расеі, бо яе эканоміка складае амаль усю эканоміку саюзу Беларусі і Расеі.
- Сувэрэнітэт Беларусі сапраўды пад пагрозай. Расея — адзіны саюзьнік Лукашэнкі. Але я нязгодны з думкай, што страта сувэрэнітэту адбудзецца менавіта дзякуючы гэтаму дакумэнту. Хутчэй дзякуючы жаданьню Лукашэнкі любой цаной захоўваць уладу.
Што было раней
Аляксандар Лукашэнка падчас пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» падпісаў дэкрэт «Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады».
10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм і асноўныя кірункі стварэньня «саюзнай дзяржавы» да 2023 году, паведаміў сайт расейскага ўраду.
Якія кірункі інтэграцыі ўхвалілі:
Банкі і грошы
1. Збліжэньне макраэканамічнай палітыкі.
2. Гарманізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і рэгуляваньня фінансавых рызыкаў
3. Гарманізацыя валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю
4. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне інфармацыйнай бясьпекі ў фінансавай сфэры
5. Гарманізацыя нормаў рэгуляваньня крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама фінансавага рынку ў цэлым, уключна з забесьпячэньнем стварэньня адзіных прынцыпаў страхаваньня ўкладаў
6. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне супрацьдзеяньня адмываньню даходаў і фінансаваньню тэрарызму для фінансавага сэктару
7. Інтэграцыя плацёжных сыстэмаў у галінах
- нацыянальных сыстэмаў плацёжных картаў,
- сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў,
- укараненьня міжнароднага стандарту фінансавых паведамленьняў ISO 20022,
- сыстэмы хуткіх плацяжоў,
- разьвіцьця фінансавых тэхналёгій,
- гарманізаваных падыходаў у галіне нагляду і назіраньня за плацёжнымі сыстэмамі,
- гандлю і кантролю за таварамі
8. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвэстараў, а таксама прадухіленьня нядобрасумленных практык на фінансавым рынку
9. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў што да адсочвальнасьці тавараў
10. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў
11. Гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства і супрацоўніцтва ў мытнай сфэры. Будзе створаны Камітэт саюзнай дзяржавы ў падатковых пытаньнях
12. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у частцы вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю
Транспарт
13. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў
14. Уніфікацыя рэгуляваньня транспартнага рынку
Нафта, газ, электраэнэргія
15. Фармаваньне абʼяднанага рынку газу. (З тэрмінамі плянуюць вызначацца да 1 сьнежня 2023 году)
16. Фармаваньне абʼяднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў
17. Фармаваньне абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі
18. Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі
Гаспадарка і дзяржзакупкі
19. Фармаваньне адзінай аграрнай палітыкі
20. Фармаваньне адзінай прамысловай палітыкі
21. Увядзеньне адзіных правілаў доступу да дзяржаўнай замовы і дзяржаўных закупак
Правы спажыўцоў і канкурэнцыя
22. Адзіныя правілы ў галіне абароны правоў спажыўцоў плянуюць прыняць да канца 2022 году
23. Адзіныя правілы канкурэнцыі
24. Уніфікацыя патрабаваньняў да арганізацыі і ажыцьцяўленьня гандлёвай дзейнасьці
Сувязь, турызм, справаздачнасьць, занятасьць
25. Фармаваньне адзіных прынцыпаў функцыянаваньня адзінага рынку сувязі і інфарматызацыі
26. Уніфікацыя рэгуляваньня бухгальтарскага ўліку і складаньня бухгальтарскай (фінансавай) справаздачнасьці
27. Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турыстычнай дзейнасьці
28. Правядзеньне ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сфэры.