На тле напружанасьці паміж Украінай і Расеяй цэны на нафту падскочылі да сямігадовага максымуму

Ілюстрацыйнае фота

Кошт сакавіцкіх кантрактаў на нафту Brent склаў больш як $91 за барэль. Такіх цэнаў не было ад кастрычніка 2014 году.

Цана на нафтавы ф'ючэрс маркі Brent на біржы ICEFutures перавысіла сёньня раніцай 91 даляр за барэль. Гэта на 1,2% вышэй за ўзровень закрыцьця папярэдняй сэсіі. Цана фʼючарсаў на WTI на сакавік павялічылася на 1,23%, да $87,89 за барэль.

Агулам цэны на нафту вырасьлі прыкладна на 17% за месяц.

Аналітыкі адзначаюць, што цана нафты павялічылася ў сувязі з ростам напружанасьці паміж Расеяй і Ўкраінай. На тле супрацьстаяньня з Расеяй расьце занепакоенасьць энэргетычнай бясьпекай Эўропы.

  • Цягам сьнежня арганізацыя краін-экспартэраў нафты OPEC і яе хаўрусьнікі на чале з Расеяй (OPEC+) павялічылі здабычу ў сярэднім прыкладна на 253 тысячы. барэляў за суткі, пры тым, што квоты дазвалялі ім павялічыць вытворчасьць да 400 тысяч. барэляў. Рынак заклапочаны тым, ці сапраўды OPEC+ здольная хутка павялічыць сваю здабычу. Паводле ацэнак Morgen Stanley Bank, сусьветныя магутнасьці здабычы нафты могуць упасьці да 2 мільёнаў барэляў нафты за дзень зь цяперашніх 6,5 мільёнаў барэляў у суткі да сярэдзіны году, што прывядзе да далейшага росту коштаў.
  • Аднак чакаецца, што OPEC+ будзе прытрымлівацца заплянаванага ў сакавіку мэтавага павелічэньня здабычы нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настроеныя сур’ёзна». Азэрбайджанская нафтавая кампанія SOCAR павялічыць сваю прысутнасьць на ўкраінскім рынку