Швайцарыя мае намер накіраваць у Менск новага амбасадара. Дыплямат гатовы ўручыць Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы, піша швайцарская газэта Der Bund.
У публікацыі называюць таксама імя дыплямата — Крыстынэ Гонэґер-Залатухін. Яе прызначылі паслом у Беларусь яшчэ ў лістападзе 2020 году, але з таго часу яна заставалася ў Швайцарыі, так і не прыляцеўшы ў Менск.
Сваё рашэньне ў Бэрне тлумачаць у тым ліку інтарэсамі палітзьняволенай грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ, пытаньне аб вызваленьні якой застаецца на парадку дня. Хершэ раней некалькі разоў катэгарычна адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, а таму застаецца за кратамі па палітычна матываваным крымінальным прысудзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любая мая мара можа стаць рэальнасьцю». Пра што Натальля Хершэ піша з магілёўскай турмыШэраг эўрапейскіх дыпляматаў летась адмовіліся ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, бо ў ЭЗ яго не прызнаюць легітымным кіраўніком Беларусі. На цырымонію, у прыватнасьці, не прыйшлі паслы Францыі, Грэцыі, Люксэмбургу. Калі Бэрн сапраўды накіруе пасла ў Менск, гэта будзе азначаць адыход Швайцарыі ад агульнай лініі эўрапейскіх краін. Раней Швайцарыя далучалася да санкцый супраць Лукашэнкі.
Намеры Швайцарыі ўжо раскрытыкавалі кіраўнік беларускага Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка і шэраг швайцарскіх палітыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя далучылася да санкцыяў супраць шэрагу кампаній і фізычных асобаў БеларусіНамесьнік сакратара Фэдэральнага дэпартамэнту міжнародных справаў Швайцарыі (FDFA) Яганэс Мат’ясі (Johannes Matyassy) абгрунтаваў пазыцыю краіны тым, што пасьля ўручэньня даверчых грамат дыпляматы здолеюць «выказаць сваю заклапочанасьць асабіста перад Лукашэнкам».
На думку прадстаўнікоў швайцарскага аб'яднаньня беларусаў «Разам», уручэньне грамат ня будзе азначаць поўнага прызнаньня Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі. Швайцарскі жаночы альянс, у сваю чаргу, непакоіцца за стан палітзьняволенай Хершэ і папрасіў фэдэральнага прэзыдэнта Іньняцыё Касіса (Ignazio Cassis) разгледзець новыя пэрсанальныя санкцыі супраць атачэньня Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Henkel, Coca-Cola, L’Oréal ды іншыя заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі