Польскі дэзэртыр Эміль Чэчка паведаміў, што падаў заяву ў Гааскі трыбунал

Эміль Чэчка

Польскі вайсковец Эміль Чэчка, які ўцёк у Беларусь і заявіў аб масавых забойствах мігрантаў і валанцёраў польскімі вайскоўцамі, паведаміў, што зьвярнуўся з заявай у Гааскі трыбунал.

«Я гатовы адказваць за свае ўчынкі. Мой адвакат ужо падаў заяву ў Гааскі трыбунал. Заява была прынята. І справа, хутчэй за ўсё, будзе разгледжана. Я лічу, што польскае грамадзтва мае права ведаць праўду аб сытуацыі, якая адбываецца на мяжы», — сказаў ён у відэазвароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы выдалі ордэр на арышт дэзэртыра Эміля Чэчкі

25-гадовы Чэчка перайшоў польска-беларускую мяжу 16 сьнежня і, паводле беларускіх уладаў, папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Польскі вайсковец сьцьвярджаў, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў.

У інтэрвію для беларускіх дзяржаўных СМІ Чэчка казаў пра 240 забітых на мяжы мігрантаў, нібыта ў дзесяці забойствах ён асабіста прымаў удзел. Гэтыя словы Чэчкі нічым не былі пацьверджаныя.

21 сьнежня Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН не знайшла пацьверджаньня словаў польскага дэзэртыра пра масавыя пахаваньні на мяжы