Як паведамляе МАРГ, паводле дадатковага пагадненьня з Асацыяцыяй розьнічных сетак, зьніжкі ў 10% для сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва будуць распаўсюджвацца таксама на гародніну і яблыкі.
Акрамя гэтага, чыноўнікі дадаткова прапісалі, што зьніжку могуць атрымаць і людзі з інваліднасьцю.
Пасьля таго, як улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў на беларускую гародніну і яблыкі, яны «выпалі» зь ліку сацыяльна значных тавараў. Цяпер тавары зноў вярнулі ў гэты пералік, і гандлёвым сеткам у некаторых выпадках давядзецца двойчы даць зьніжкі на гэтыя тавары — зьнізіць цэны для ўсіх пакупнікоў, а сацыяльна ўразьлівым групам насельніцтва даць дадатковую зьніжку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх крамах пачала дзейнічаць праграма зьніжак на сацыяльна значныя таварыЗ 17 студзеня гандлёвыя сеткі на «просьбу» чыноўнікаў увялі адмысловую зьніжку ў 10% на некаторыя сацыяльна значныя тавары для ўразьлівых катэгорый насельніцтва. Яе могуць атрымаць у тым ліку пэнсіянэры, шматдзетныя сем’і, малазабясьпечаныя.
Пагадненьне аб новай сыстэме зьніжак падпісалі 16 гандлёвых кампаній, а гэта палова ўсяго рынку раздробнага гандлю. Сярод іх
- «Санта Рытэйл»,
- «Эўрагандаль»,
- «Капеечка»,
- «Дабраном»,
- «Віталюр»,
- «БелМаркетКомпані»,
- «Гіпа»,
- «Суседзі».
Каб паўдзельнічаць у праграме зьніжак, трэба аформіць карту ляяльнасьці або памяняць статус на «сацыяльны», калі такая карта ўжо аформленая. Пры гэтым 10% зьніжкі на тавары зь пераліку сацыяльна значных ня будуць сумавацца ў крамах зь іншымі зьніжкамі. Існуе таксама максымальная сума, на якую можна купіць «танныя» тавары.
У гандлёвых сетках адзначылі, што ў выпадку, калі памер зьніжкі на пэўны тавар па карце ляяльнасьці вышэйшы за гандлёвую надбаўку, яна будзе дадзена толькі ў памеры гандлёвай надбаўкі — таньней за сабекошт тавар купіць не атрымаецца.