Амбасадар РФ у ЗША назваў заклік спыніць выкраданьні ў Чачні «ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы»

Амбасадар РФ у ЗША Анатоль Антонаў

Расея расцэньвае заклік Дзярждэпартамэнту ЗША спыніць рэпрэсіі ў Чачні як спробу ўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржавы і мэтад інфармацыйнай вайны.

Пра гэта заявіў расейскі амбасадар у Вашынгтоне Анатоль Антонаў, цытата прыводзіцца ў Фэйсбуку амбасады. На публікацыю зьвярнула ўвагу рэдакцыя Каўказ.Рэаліі.

Паводле дыплямата, заява Дзярждэпартамэнту «не падмацоўваецца дакладнымі фактамі».

Напярэдадні Дзярждэпартамэнт ЗША выпусьціў заяву для прэсы, у якой выказаў занепакоенасьць паведамленьнямі аб выкраданьнях і затрыманьні ўладамі Чачні дзясяткаў людзей, у тым ліку сваякоў чачэнскіх праваабаронцаў і апазыцыянэраў, якія жывуць у эміграцыі.

Амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства заклікала расейскія ўлады не дапускаць рэпрэсіяў і прыцягнуць вінаватых у «абуральных парушэньнях правоў чалавека ў Чачні» да адказнасьці паводле расейскіх законаў і ў адпаведнасьці з узятымі на сябе міжнароднымі абавязаньнямі па абароне правоў чалавека. 23 студзеня з аналягічнай заявай выступіў Эўразьвяз.

  • У Чачні са сьнежня мінулага году былі выкрадзеныя дзясяткі сваякоў праціўнікаў кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава, якія жывуць у эміграцыі. Большую частку пасьля адпусьцілі. Апазыцыянэрам пагражаюць расправай над іх сямейнікамі, калі яны ня спыняць крытыку рэжыму Чачні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя, чыю жонку гвалтоўна вывезьлі ў Чачэнію, разам з дачкой пакінуў Расею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кадыраў паставіў на мяне нагу і загадаў зьлізаць кроў з падлогі». Браты Янгулбаевы, чыю маці выкралі, — пра катаваньні ў Чачні