Дэталі працэсу невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме, а адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні. Судзьдзя Натальля Дзядкова пакінула скаргу без задавальненьня, таму праваабаронца застанецца ў няволі, паведамляе «Вясна».
Алесь Бяляцкі за кратамі ўжо амаль сем месяцаў. Асноўныя прэтэнзіі да старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, яго намесьніка Валянціна Стэфановіча і юрыста арганізацыі Ўладзімера Лабковіча — тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтар «Вясна». З гэтага ўлады зрабілі выснову, што «вясноўцы» ўхіліліся ад прызнаньня арганізацыі падатковым агентам і ад сплаты падаткаў за пэрыяд з 2013 па 2020 год агулам на суму ня менш за 113 428 рублёў, што «прычыніла шкоду дзяржаве ў буйным памеры».
Беларускія ўлады скасавалі рэгістрацыю «Вясны» яшчэ ў 2003 годзе, а летась скасавалі рэгістрацыю яшчэ соцень няўрадавых арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, у чым падазраюць лідэраў «Вясны», якія за кратамі ўжо паўгода