ЗША ініцыявалі паседжаньне Рады Бясьпекі ААН з прычыны расейскай пагрозы Ўкраіне

Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, архіўнае фота

Маючая адбыцца сустрэча Рады Бясьпекі ААН стане магчымасьцю «выкрыць» паводзіны Масквы і «ізаляваць» Расею на сусьветнай арэне, заявіла сталая прадстаўніца ЗША ў ААН.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі» , Злучаныя Штаты заклікалі правесьці ў пачатку наступнага тыдня адкрытае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, каб абмеркаваць крызіс вакол Украіны, выкліканы, як заяўляюць у Вашынгтоне, «пагрозьлівымі паводзінамі» з боку Расеі.

«Больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў сканцэнтравана на мяжы з Украінай, і Расея ўдзельнічае ў іншых дэстабілізацыйных дзеяньнях, накіраваных супраць Украіны, што нясе відавочную пагрозу міжнароднаму міру, бясьпецы і Статуту ААН», — заявіла сталая прадстаўніца ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд.

Лінда Томас-Грынфілд

«У той час, пакуль мы працягваем нашы нястомныя дыпляматычныя намаганьні дзеля дээскаляцыі напружанасьці, Рада Бясьпекі ААН павінна старанна вывучыць факты і разгледзець, што пастаўлена на мапу для Ўкраіны, Расеі, Эўропы і асноўных абавязаньняў і прынцыпаў міжнароднага парадку ў выпадку далейшага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве Томас-Грынфілд.

Прадстаўніца ЗША дадала, што Рада Бясьпекі павінна ўшчыльную заняцца разглядам «пагрозьлівых дзеяньняў Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і нарошчваньня расейскіх войскаў ля мяжы Ўкраіны і ў Беларусі».

«Цяпер ня час толькі чакаць і назіраць. Неабходна поўная ўвага з боку Рады Бясьпекі, і мы зь нецярплівасьцю чакаем прамога і мэтанакіраванага абмеркаваньня ў панядзелак», — падкрэсьліла Лінда Томас-Грынфілд.

Расея, якая зьяўляецца адным з пастаянных пяці чальцоў РБ ААН, можа заблякаваць любую рэзалюцыю, занесеную на разгляд Рады, пры дапамозе права вэта.

Аднак, па словах Томас-Грынфілд, паседжаньне стане хутчэй магчымасьцю «выкрыць Расею» ў сувязі зь яе дзеяньнямі і ізаляваць Крэмль на сусьветнай арэне за яго агрэсіўную пазыцыю ў дачыненьні да Ўкраіны.

«І, хоць у іх сапраўды ёсьць права вэта, іх ізаляцыя будзе адчувацца, калі пытаньне будзе вынесенае на разгляд Рады Бясьпекі і мы выступім адзіным фронтам супраць расейцаў», — сказала яна.

«Я ня думаю, што якая-небудзь краіна, якая ўваходзіць у Раду Бясьпекі, будзе сядзець склаўшы рукі і гаварыць, што Расея мае права ўрывацца ў межы іншай краіны», — дадала Томас-Грынфілд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн паабяцаў Зяленскаму дадатковую падтрымку Ўкраіны на фоне пагрозы расейскай агрэсіі

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.