ЗША: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі захаваюцца, пакуль ня спыніцца бязьлітасны ўціск беларускага народу

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязьняў заклікаў беларускія ўлады Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Такая заява з подпісам дзяржсакратара Энтані Блінкена была апублікаваная 27 студзеня.

«Цяпер рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае больш за 1000 палітвязьняў. Гэтыя беларусы з усіх слаёў грамадзтва былі арыштаваныя і заняволеныя проста таму, што яны мірна рэалізоўвалі свае правы на свабоду слова і сходаў у адказ на фальсыфікацыі выбараў і злоўжываньні рэжыму Лукашэнкі. Яшчэ дзясяткі тысяч нявінных беларусаў таксама правялі час за кратамі пасьля і напярэдадні фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зрэагаваў на «ганебную вяху» рэжыму Лукашэнкі

Многія з гэтых зьняволеных — і тыя, хто раней знаходзіўся пад вартай і быў вызвалены, а таксама тыя, хто быў вымушаны ўцякаць з краіны, — зазналі невыносныя ўмовы. Жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньні, у турмах і ізалятарах было шырока задакумэнтавана. Некаторыя палітвязьні цярпяць ад цяжкіх хвароб і інваліднасьці, ім адмаўлялі ў неабходнай кваліфікаванай мэдыцынскай дапамозе або наўмысна зьдзекуюцца для пагаршэньня іхнага стану. Яны часта ня могуць знайсьці адэкватнае юрыдычнае прадстаўніцтва праз рэпрэсій рэжыму супраць адвакатаў. Дзясяткі адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі, а часам самі траплялі ў турму — за тое, што яны адважыліся прадстаўляць інтарэсы зьняволеных або апазыцыйных дзеячаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэп ЗША: «Мы ясна далі зразумець Беларусі, што калі зь яе тэрыторыі Расея нападзе на Ўкраіну, будзе рашучы адказ»

«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, прызнаючы гэта як неабходны крок Беларусі для пераадоленьня палітычнага крызісу. Мы працягнем дабівацца правасудзьдзя для ахвяр [палітычных рэпрэсій] і адказнасьці для парушальнікаў. Мы заклікаем Беларусь выконваць узятыя на сябе абавязаньні як дзяржавы – удзельніцы АБСЭ, і міжнародныя прававыя абавязаньні ў абароне правоў і асноўных свабод чалавека. Мы падтрымліваем народ Беларусі, які імкнецца да будучыні, заснаванай на вяршэнстве закону, і адказным дэмакратычным дзяржаўным кіраваньні», — гаворыцца ў заяве.

«З жніўня 2020 году ЗША ў каардынацыі з саюзьнікамі і партнэрамі ўвялі пяць блёкаў санкцый у дачыненьні да афіцыйных асоб і прыхільнікаў жорсткага рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя санкцыі захаваюцца, пакуль улады ня спыняць бязьлітасных рэпрэсій у дачыненьні да беларускага народу, у тым ліку вызваліўшы без усялякіх умоў усіх палітычных зьняволеных», — заявіў Блінкен.

27 студзеня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі яшчэ 12 чалавек. Колькасьць палітвязьняў у Беларусі цяпер складае 1007 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш за 1000 палітвязьняў