Сам Быстроў ў інтэрвію «Белсат» абверг такія абвінавачваньні і заявіў, што ён хворы чалавек.
У эфіры «Белсату» падпалкоўнік Аляксандр Азараў расказаў пра Вячаслава Быстрова, які, паводле расьсьледаваньня ByPol, быў накіраваны ў Польшчу ў якасьці беларускага агента для фізычнай ліквідацыі былых сілавікоў і Паўла Латушкі.
Паводле Азарава, у Беларусі Быстроў быў шматразова судзімы і выкарыстоўваўся для распрацоўкі палітычных зьняволеных і тых, хто праходзіў у найбольш значных крымінальных справах па лініі ГУБАЗіК.
«Ён наркаман, ужывае наркотыкі і пэрыядычна трапляе ў месцы пазбаўленьня волі, дзе і займаецца гэтай бруднай справай, ён займаецца распрацоўкай арыштаваных, — распавядае Азараў. — Бедункевіч (начальнік трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіК у супрацьдзеяньні экстрэмізму) і Чамаданаў (начальнік першага ўпраўленьня) былі частымі яго гасьцямі, яны ўвесь час да яго хадзілі, паднімалі яго з камэры, прыносілі яму цыгарэты, прадукты харчаваньня і абмяркоўвалі пляны — якім чынам ён павінен ламаць людзей».
Сам Вячаслаў Быстроў у размове зь «Белсатам» не адмаўляе сваіх судзімасьцяў, але ўсяляк абвяргае інфармацыю аб працы на спэцслужбы Беларусі.
«Гэта трызьненьне, гэта паклёп, я знаходжуся ў лягеры для ўцекачоў, разумееце, што гэта такое, ужо некалькі месяцаў, у мяне праблемы са здароўем вельмі сур’ёзныя. Я цяпер заняты здароўем і думаю, дзе на кавалак хлеба зарабіць. Якія ліквідацыі, каго, я хворы чалавек, мне 50 гадоў. У мяне забралі здароўе былыя, у тым ліку калі там Азараў прымаў удзел».
Прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў упэўнены, што гэта хітрыкі, паколькі нават у СІЗА № 1 Менску практычна ўсе ведалі, што Быстроў зьяўляецца агентам ГУБАЗіК. Там ён знаходзіўся ў асаблівым становішчы: перамяшчаўся па калідорах, паднімаўся да апэратыўных супрацоўнікаў, адкуль вяртаўся з торбамі прадуктаў. Яго трымалі асобна ад звычайных зьняволеных паводле крымінальных артыкулаў — ён знаходзіўся ў жаночым блёку. У гэты ж час яго падсаджвалі да эканамічных злачынцаў і да тых, хто праходзіў па лініі «экстрэмізму».
«Ён датычны да распрацоўкі, я думаю, і анархістаў, і ўсіх палітычных зьняволеных, — лічыць Азараў. — Ён тут знаходзіцца, таму што там усе гэтыя людзі сядзяць: яны прайшлі СІЗА, атрымалі тэрміны вялікія, сядзяць у лягерах. І таму ён, не баючыся, прыехаў сюды. Мы атрымалі гэтую інфармацыю ад нашых крыніц, заняліся яго пошукам і мы яго знайшлі ў лягеры. Правялі праверку і вырашылі апублікаваць, каб людзі ведалі, бо ён пачаў укараняцца».
Паводле інфармацыі ByPol, прыбыўшы на тэрыторыю Польшчы, Быстроў пачаў укараняцца ў давер да мясцовых беларусаў: ён наведваў усе мітынгі, уступаў у чаты і хадзіў у беларускую царкву. Менавіта таму асобу Быстрова было вырашана раскрыць, і зараз ім будуць займацца польскія спэцслужбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнэт-рэсурсы аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламіШто такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».