«Кібэрпартызаны» сьцьвярджаюць, што ўзлом электроннай сыстэмы Беларускай чыгункі адбываўся ад вечара ў нядзелю да раніцы ў панядзелак. Ён рабіўся з мэтаю запаволіць рух расейскіх вайсковых цягнікоў на анансаваныя ў Беларусі вучэньні. Сама чыгунка не камэнтавала гэтага здарэньня, але прызнала праблемы з онлайн-продажам квіткоў. Паводле «Кібэрпартызанаў», іх атака нанесла сур’ёзны ўрон Беларускай чыгунцы, асабліва грузавым перавозкам.
Гэтую інфармацыю пацьвярджае і Сяргей Вайцяховіч. Ён кажа, што пашкоджаньні настолькі сурʼёзныя, што вялікая частка працы робіцца цяпер на чыгунцы ўручную.
- Вайцяховіч працаваў на Беларускай чыгунцы 4 гады. Ён быў рабочым у Менскім вагонным дэпо, у аддзеле эксплуатацыі. У красавіку 2021 году яго звольнілі па палітычных матывах.
На што паўплывала атака «Кібэрпартызанаў»
«Усё ляжыць. Накрылася АРМ — аўтаматызаванае рабочае месца. І яшчэ такі выраз, як АС — аўтаматызаваная сыстэма, у якой непасрэдна працуюць рабочыя, якія афармляюць прывозачную дакумэнтацыю, зьвязаную з рухам цягнікоў. Той жа АС ОДГП (Аўтаматызаваная сыстэма прывязкі складаўтварэньня да графіка руху цягнікоў) — гэта сыстэма, якая аўтаматычна прывязвае графік складаўтварэньня. Гэта сур’ёзная сыстэма, і яна таксама не працуе. Усё робіцца ўручную. А ёсьць «Электронныя перавозкі». Гэта сыстэма, празь якую ідзе ўвесь дакамэнта-электронны абарот. Напрыклад, таварныя накладныя, перавозачныя дакумэнты, грузавыя паведамленьні, рахункі за аплату на перавозкі. А цяпер праблемы, бо вагоны прастойваюць.
Гэта моцны ўдар па рэпутацыі чыгункі ў пытаньнях бясьпекі. І перад РЖД (Расейскай чыгункай. — РС) таксама, і чыгункамі іншых краін, бо ідзе затрымка грузаў праз тое, што ня могуць аформіць перавозачную дакумэнтацыю.
Наколькі сур’ёзны збой у онлайн-продажы квіткоў
«Праблема з продажам квіткоў — гэта дробязь. Ёсьць яшчэ такая сыстэма, як САП: сыстэма кіраваньня бізнэс-праектамі. Адзін зь яе модуляў таксама пашкодзілі, і ў выніку на чыгунцы не змаглі палічыць заробкі. У панядзелак яны ўжо ведалі, што не пасьпець хутка ўсё выправіць, і лічылі ўсё ўручную. Архівы ўсе зьнішчаныя. Глядзець нейкую статыстыку за мінулы год ці месяц немагчыма, у электронным выглядзе нічога не засталося. Аднавіць гэта можна па частках, зьбіраючы дадзеныя з падатковай, зь „Беларусьбанку“ і іншых структур».
Як узлом увогуле стаў магчымы на такім стратэгічным аб’екце
«Бо талковых спэцыялістаў у IT-аддзеле амаль не засталося. Ды нават ААЦ у актах піша розную ахінею. За апошнія паўгода гэта ўжо трэцяе несанкцыянавае атрыманьне доступу да карпаратыўнай сеткі Беларускай чыгункі.
Сілавікі хадзілі ў аўторак па ІРЦ, па ўпраўленьні чыгункі. Ня ведаю, каго яны хацелі там знайсьці. Правяралі там кампутары, бо думаюць, што нехта дапамагаў знутры. КДБ бясконца там лазіць, за кімсьці шпіёніць яшчэ зь верасьня, калі адбылося першае пранікненьне ў карпаратыўную сетку».
Чаму яны ня ў стане хутка выправіць праблему
«Вось гэта галоўнае. З гэтым ня могуць нічога зрабіць. Спэцыяліста, які разьбіраўся ў гэтым тыпе базы дадзеных, звольнілі за палітыку яшчэ летась. Нюанс у тым, што тэхналёгія старая і маладыя спэцыялісты ў ёй не разьбіраюцца». Хутчэй за ўсё, знойдуць кагосьці на аўтсорсынгу, які адновіць працаздольнасьць базы дадзеных. Але самі дадзеныя ўжо не адновяць, бо накрылі базы і рэзэрвовыя копіі на стужкавых назапашвальніках таксама. Папрыбіралі і зашыфравалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны»: Мы маглі б спыніць усю чыгунку«Кібэрпартызаны» сьцьвярджаюць, што, узламаўшы сыстэму, маглі цалкам спыніць рух. Ці праўда гэта
«„Кібэрпартызанам“ ня трэба ніякіх тысяч ахвяраў, крушэньняў і г. д. Ёсьць такая сыстэма дыспэтчарскай цэнтралізацыі „Нёман“. Яна кіруе стрэлкамі сьвятлафорамі на ўсёй чыгунцы. І калі ты хакер, атрымліваеш доступ да карпаратыўнай сеткі. І калі ты знаходзіш спасылку на сэрвэр самога „Нёману“, атрымліваеш над ёю кантроль, то ты можаш любы цягнік пусьціць пад адкос, можна стварыць сутыкненьне. Калі б рэальныя тэрарысты атрымалі доступ да гэтай праграмы, то былі б ахвяры».
Што пра атаку думаюць самі чыгуначнікі
«Рабочыя рады, што ўсё так адбываецца. Яны злыя і пакрыўджаныя на кіраўніцтва, бо звальняюць людзей, вешаюць на іх дадатковую працу, з боку кіраўніцтва стаўленьне ўвогуле скоцкае. Большасьць гаворыць, што так і трэба. Нават улічваючы тое, што гэта ўплывае на прыбыткі.
У кіраўніка чыгункі Ўладзімера Марозава ў панядзелак быў першы дзень пасьля адпачынку. Кіраўніцтва ў паніцы, ня ведаюць, што рабіць».
Ці скончыліся на чыгунцы палітычныя рэпрэсіі
«Летась былі сьпісы на звальненьне 1000 чалавек. 23-24 лістапада было паседжаньне ў Маскве сяброў АДКБ наконт тэхнічнага прыкрыцьця чыгункі. І там ставілі адно з пытаньняў — зачысьціць эксплюатацыю БЧ для гарантыі бясьпекі праходу эшалёнаў. Каб не выцякала інфармацыя. Бо на вучэньнях „Захад-2021“ па іх выцекла ўсё. І графікі руху цягнікоў, і як рыхтаваліся да гэтых вучэньняў: усё, што датычыла структуры БЧ. Таму яны вырашылі перастрахавацца, пачалі звальненьні, але зразумелі, што проста ня будзе каму працаваць».
Ці мае рацыю Лукашэнка, што прыняць 200 вайсковых саставаў з Расеі немагчыма
«Мы пасьмяяліся з калегамі з БЧ наконт гэтага. За адзін дзень Беларуская чыгунка толькі па адным стыку прыняла 17 цягнікоў з Расеі. Толькі па адным стыку, за адзін дзень. Гэта ахінея, што ён там нёс, што нельга прыняць 200 эшалёнаў. Гэта звычайнае адмаўленьне, як і тое, што яны адмаўляюцца прызнаць, што партызаны ўзламалі Беларускую чыгунку. Раней яны называлі гэта тэрарызмам або шпіянажам, а цяпер проста адмаўляюць.
33 вайсковыя эшалёны заехалі з 16 да 21 студзеня. Для параўнаньня, калі былі вучэньні „Захад-2021“, за месяц прыехала толькі 29 эшалёнаў. Яны баяцца дывэрсій, таму пастаянна зрушваюць графікі. Да 10-га лютага плянуецца 200 вайсковых эшалёнаў. За месяц гэта ўвогуле ня лічба, лёгка прымаецца».