Як выглядае польска-беларуская мяжа пасьля паўгода мігранцкага крызісу. ФОТА
«22 чалавекі спрабавалі незаконна перасекчы мяжу, — гаворыцца ў паведамленьні польскіх памежнікаў за 26 студзеня. — Затрымалі тры групы іншаземцаў (5,6 і 11 чалавек)
Сёньня каля 03.00 9 грамадзян Іраку пры падтрымцы беларускіх службаў гвалтоўна прарвалі мяжу, усе яны былі арыштаваныя».
А вось так цяпер выглядае закінуты лягер мігрантаў на беларускім баку мяжы. У лягеры, арганізаваным беларускімі ўладамі ў гандлёва-лягістычным цэнтры «Брузгі», працягваюць знаходзіцца больш за 700 мігрантаў, паводле падлікаў Беларускага Чырвонага Крыжа.
Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо, заявіў, што польскія сілавікі нібыта плянуюць захапіць беларускага памежніка. На яго думку, польскі бок хоча справакаваць беларусаў «на нейкія захады ў адказ». «Калі я атрымаў інфармацыю, што польскія сілавікі плянуюць, магчыма, захапіць беларускага памежніка, я аддаў каманду без папярэджаньня неадкладна ўжываць зброю», — сказаў ён.
Патруляваньне тэрыторыі польска-беларускай мяжы праводзяць таксама з дапамогай цеплавізара
Выкарыстоўваюцца вось такія вайсковыя аўтамабілі з гукавой сыстэмай, якая выдае папярэджаньні на пяці мовах, каб паведаміць мігрантам, што перасячэньне мяжы зьяўляецца незаконным.
На ўездзе ў некаторыя памежныя вёскі стаяць такія інфармацыйныя знакі: «Забарона на знаходжаньне – уваход забаронены».