Пасьля таго як літоўская чыгунка паведаміла «Беларуськалію» пра рашэньне ўраду прызнаць несапраўдным кантракт на перавозку калійных угнаеньняў з 1 лютага, ёй паступілі заяўкі ад трох непадсанкцыйных беларускіх прадпрыемстваў — «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), «Белінтэртрансу» і «Белкалію-Мігао». Наконт гэтых заявак LTG зьвярнулася ў Каардынацыйную камісію па ахове аб’ектаў, важных для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі.
Пакуль камісія разглядае прадстаўленыя дакумэнты, літоўская чыгунка сама адхіліла хадайніцтвы двух заяўнікаў, бо яны прэтэндавалі на перавозку грузаў па дамовах, якія больш ня дзейнічалі, або ўвогуле ня мелі дамоваў зь літоўскай чыгункай. Рэакцыя ж на заяўку Беларускай калійнай кампаніі будзе пасьля рашэньня камісіі.
Скасаваць кантракт паміж LTG і «Беларуськаліем» літоўскі ўрад пастанавіў у 2018 годзе. Аднак дакладнай забароны на перавозку калійных угнаеньняў па іншых кантрактах няма. Таму LTG спатрэбіцца грунтоўная прававая падстава, каб адмовіцца ад перавозкі беларускіх калійных угнаеньняў, што спыніць іх транзыт празь Літву.
Заяўка на перавозку солі і калійных угнаеньняў «Беларуськалій» паступіла таксама ад ТАА Lit Salt Trade. Наконт гэтай заяўкі літоўская чыгунка зьвярнулася ў тую ж камісію. Рашэньне па гэтым запыце яшчэ не прынята.
25 студзеня літоўскай чыгунцы паступілі новыя заяўкі на перавозку ўгнаеньняў «Беларуськалію» — ад кампаніі «Белінтэртранс Балтык». Гэтыя заяўкі таксама накіруюць у камісію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скасаваньня дамовы зь «Беларуськаліем» «Літоўскія чыгункі» атрымалі заяўкі ад трох кампаній на перавозку беларускага калію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўскія чыгункі» афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» аб скасаваньні дамовы з 1 лютага