Беларуская мытня не пусьціла 29 грузавікоў з харчаваньнем з прычыны эмбарга

Санкцыйны сыр у менскай краме, ілюстрацыйнае фота

Беларуская мытня ўжо спыніла 29 спробаў увозу санкцыйных харчовых тавараў, пастаўкі якіх у краіну забаранілі пастановай урада. Аб гэтым заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Уладзімер Арлоўскі.

«З пачатку году мы не прапусьцілі на тэрыторыю краіны 29 грузавікоў, якія везьлі забаронены тавар пад выглядам іншага тавару. Склалі адпаведныя пратаколы. Мы ня толькі працуем па вонкавай мяжы ў пунктах пропуску, але і мабільнымі групамі кантралюем беларуска-расейскі ўчастак мяжы, каб адтуль не завозілі тавары, якія ў нас забароненыя», — цытуе Арлоўскага БелТА.

Беларускі ўрад з 1 студзеня забараніў увозіць дзясяткі відаў харчовых тавараў у Беларусь з Эўразьвязу, ЗША, Швайцарыі, Вялікай Брытаніі і іншых краін, якія ўводзілі санкцыі супраць айчынных уладаў. Пад забаронай апынуліся мяса, мясныя прадукты, малако і малочныя прадукты, садавіна і гародніна, соль, кандытарскія тавары.

Як заявілі ў ДМК, узмацнілі кантроль дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць краіну паходжаньня тавараў. Калі ёсьць падазрэньні, то праводзіцца дадатковы надгляд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Нямеччына хоча, каб санкцыі не распаўсюджваліся на расейскі энэргетычны сэктар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скасаваньня дамовы зь «Беларуськаліем» «Літоўскія чыгункі» атрымалі заяўкі ад трох кампаній на перавозку беларускага калію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх крамах пачала дзейнічаць праграма зьніжак на сацыяльна значныя тавары