Партал абвясьціў, што ў 2022 годзе вырашыў пашырыць беларускамоўны кантэнт, і запусьціў спэцыяльную старонку «Onlíner па-беларуску» для тых, хто «хоча атрымліваць асалоду ад тэкстаў на роднай мове».
«Мы прызвычаіліся да таго, што беларускамоўныя тэксты на Onliner — альбо пра гісторыю, альбо пра культуру. Але ж цяпер у вас ёсьць магчымасьць чытаць па-беларуску літаральна пра ўсё. Штотыднёва мы перакладаем з расейскай мовы некалькі найцікавейшых тэкстаў і зьмяшчаем іх на гэтай старонцы. Узбагачайце свой слоўнікавы запас і атрымлівайце асалоду ад роднай мовы», — гаворыцца ў анонсе.
Чытаць Onliner па-беларуску можна тут.
У красавіку 2021 году найбуйнейшыя беларускія рэсурсы абвясьцілі «беларускамоўную нядзелю». З 25 красавіка сайты Tut.by, Onliner і «Трыбуна» пачалі друкаваць частку тэкстаў па-беларуску па нядзелях, каб нагадаць чытачам, якое значэньне мае родная мова для нацыянальнай культуры і фармаваньня нацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша задача — каб стала меней тых, хто адлічвае гісторыю ад 1917 году». Рэдактары незалежных сайтаў пра «беларускамоўную нядзелю»