Парашэнка абвінаваціў Зяленскага ў фінансаваньні Расеі праз Беларусь

Пятро Парашэнка, 16 студзеня 2022

Пяты прэзыдэнт Украіны, лідэр палітычнай партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятро Парашэнка на брыфінгу абвінаваціў дзейнага прэзыдэнта Уладзімера Зяленскага ў фінансаваньні Расеі праз закупкі вугалю і электраэнэргіі ў Беларусі.

Украінскае інтэрнэт-выданьне vesti.ua паведамляе, што Парашэнка заявіў пра фінансаваньне Зяленскім «дэ-факта» Расеі праз набыцьцё электраэнэргію ў Беларусі. Акрамя таго, экс-прэзыдэнт сказаў, што на расейскіх тэлеканалах паказвалі сэрыялы «Папік» і «Сваты», якія зьняла ўкраінская студыя «Квартал 95».

«Ён з 2019 года купіў на 3,5 млрд даляраў у Беларусі электраэнэргіі, фінансуючы дэ-факта РФ, паказвае сэрыялы ўжо гэтага, 22-га году, ад „Папіка“ да „Сватоў“ нізкапробных. Замест гэтага трэба сканцэнтравацца і мабілізавацца», — заявіў Пятро Парашэнка.

Афіцыйная статыстыка Ўкраіны па зьнешнім гандлі не пацьвярджае паставак расейскага вугалю зь Беларусі. Статыстыка таксама не пацьвярджае і лічбаў, якія Парашэнка агучыў пра пастаўкі зь Беларусі ва Ўкраіну электраэнэргіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорд: ва Ўкраіне расказалі, колькі купілі ў Беларусі электраэнэргіі і колькі за яе заплацілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве адмовіўся арыштоўваць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Украіна рыхтуецца да вайны. Меркаваньне ўкраінскага палітоляга