Кампанія SayGames зьнікла са сьпісу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, заўважыў dev.by.
Студыя SayGames — у сусьветнай пяцёрцы найбуйнейшых мабільных выдаўцоў (у колькасьці загрузак), паводле App Annie (2021), уваходзіць у дзясятку па вэрсіі Sensor Tower (2020). Заснавана ў 2017 годзе, у ПВТ была з 2018-га.
Тым часам кіраўнік SayGames Дзяніс Вайханскі паведаміў @devby, што другая юрыдычная асоба кампаніі «КажыГульні» застаецца рэзыдэнтам Парку.
«Мы былі і застаемся ў Беларусі. Праводзім рэструктурызацыю, наша кампанія ў ПВТ — гэта „КажыГульні“. З намі ўсё добра, мы не сыходзілі з ПВТ і не зьбіраемся».
Гульні SayGames пэрыядычна станавіліся сусьветнымі гітамі:
- Sand Balls трапіла ў лік самых прарыўных у сьвеце за 2019 год;
- Johnny Trigger стала самай папулярнай мабільнай гульнёй у сьвеце ў студзені 2020 году;
- Sushi Roll 3D заняла трэцяе месца ў сьпісе самых папулярных гульняў сьнежня 2020 году;
- DOP2 Delete one Part увайшла ў топ-3 самых «прарыўных» на плянэце гульняў па загрузках у студзені—сакавіку 2021-га;
- Merge Animals 3D стала самай папулярнай на Зямлі гульнёй у лістападзе 2021-га.
На гэты момант у партфоліё SayGames звыш 50 запушчаных праектаў і больш за 2,5 мільярда загрузак па ўсім сьвеце.
25 студзеня стала вядома, што з ПВТ выйшаў адзін зь вядучых стартапаў OneSoil, перавёўшы асноўную працу за мяжу. Асноўны прадукт праекту — разумная сыстэма маніторынгу стану пасяўных плошчаў, павелічэньня ўраджайнасьці і эканоміі рэсурсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін зь вядучых беларускіх стартапаў OneSoil выйшаў з ПВТ і перавёў асноўную працу за мяжу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі рэжым бачыць у айцішніках палітычных праціўнікаў