Пра тое, што на Анатоля Лябедзьку завялі крымінальную справу, расказаў сам палітык у ютуб-канале:
«Маю жонку выклікаюць у РАУС Маскоўскага раёну Менску. У якасьці сьведкі па крымінальнай справе, распачатай у адносінах да мяне. Які артыкул? Пакуль не ведаю, але мяркую, што ён можа быць такі самы, як у блогераў Пятрухіна, Сьпірына ці ў палітыкаў Севярынца, Статкевіча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не праект Канстытуцыі, а падручнік па ўтрыманьні ўлады», — ЛябедзькаАнатоль Лябедзька быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў, 18 гадоў узначальваў Аб‘яднаную грамадзянскую партыю. Калі пакінуў выбарную пасаду, зарэгістраваў і ўзначаліў цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг», які ўлады цяпер закрываюць.
У Беларусі ён неаднаразова зазнаваў перасьлед з боку ўладаў.
Апошні раз Анатоля Лябедзьку затрымалі летась 14 траўня, калі ён прыйшоў падтрымаць абвінавачаных па справе студэнтаў. Тады палітыка асудзілі на 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Раніцай у дзень, калі Анатоля мусілі выпусьціць на волю, ягонай жонцы паведамілі, што ў ЦІП яго няма, бо ён ужо вызвалены. Пазьней стала вядома, што Лябедзьку таемна вывезьлі зь ЦІП на Акрэсьціна і высадзілі на ўскраіне Менску. Дадому ён дабраўся на таксі.
Праз пэўны час пасьля свайго вызваленьня Анатоль Лябедзька пакінуў Беларусь. Пазьней палітык расказаў, што зьехаць з краіны давялося на просьбу сям’і.
«Яны ўжо псыхалягічна стаміліся ад трывожнага чаканьня, што могуць чарговым разам кінуць за краты», — казаў Лябедзька.
Напрыканцы верасьня 2021 году стала вядома, што дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Анатоля Лябедзьку прадстаўніком па парлямэнцкім супрацоўніцтве.