Пра блякаваньне доступу да польскамоўнага мэдыя паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Сайт Znadniemna.pl шмат піша пра перасьлед актывістаў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі, у тым ліку пра старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс і журналіста Андрэя Пачобута, якія з сакавіка 2021 году знаходзяцца за кратамі ў «польскай справе».
«Głos Znad Niemna» — так называлася газэта Саюзу палякаў Беларусі, не прызнанага беларускім рэжымам, — выходзіла з 3 сьнежня 1989 году. Менавіта ў гэты дзень у Горадні быў надрукаваны першы нумар газэты. У 1990–1991 гадах выданьне выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы. У 1992 годзе выходзіла два разы на тыдзень, з 1993 году — штотыднёва.
Газэта асьвятляла жыцьцё палякаў у Беларусі, дзейнасьць СПБ, зьмяшчала матэрыялы аб гісторыі, краязнаўстве, літаратурныя творы. З 2005 году, пасьля расколу ў СПБ, пачалі выходзіць дзьве газэты з такой самай назвай.
«Справа палякаў»
У рамках «справы палякаў» былі арыштаваныя старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, а таксама актывісты Саюзу палякаў Беларусі зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын, апрача Анжалікі Борыс, вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь.
«Сьледчыя дагэтуль ня могуць перадаць крымінальную справу супраць Саюзу палякаў у суд, што можа сьведчыць пра цяжкасьці са зборам доказаў віны арыштаваных ці зь неабходнасьцю зьмяненьня кваліфікацыі іх учынкаў на такую, якую з пункту погляду сьледчых было б прасьцей даказаць», — зазначаў напрыканцы сьнежня партал znadniemna.pl.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: «Улады Беларусі адмаўляюць польскім дыпляматам кантактаваць са зьняволенымі Борыс і Пачобутам»Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі і дамагаецца іх вызваленьня, гэткую ж пазыцыю маюць улады Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам году ў ПольшчыЯк разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».