Амбасада ЗША ў Беларусі папрасіла сваіх грамадзян мець плян экстранага выезду з краіны

Амбасада ЗША ў Менску

Таксама амэрыканская дыпляматычная місія просіць грамадзян ЗША трымаць свае дакумэнты ў парадку і ўважлівей сачыць за навінамі Беларусі. Тым часам Дзярждэпартамэнт дазволіў эвакуацыю часткі пэрсаналу амбасады ЗША ва Ўкраіне.

Амбасада ЗША ў Менску апублікавала экстранае папярэджаньне, адрасаванае грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Амбасада раіць ім пазьбягаць натоўпу, уважлівей сачыць за навінамі краіны знаходжаньня і мець пляны ад’езду на выпадак надзвычайнай сытуацыі.

У папярэджаньні згадваюць «незвычайную вайсковую актыўнасьць Расеі паблізу межаў Украіны, у тым ліку на мяжы зь Беларусьсю».

Раней амбасада ЗША ўжо прасіла сваіх грамадзянаў не падарожнічаць у Беларусь бяз важкіх прычынаў, паколькі ў краіне пандэмія каранавірусу і адвольна прымяняюцца законы.

У выпадку паездкі ў Беларусь ці пражываньня на яе тэрыторыі, грамадзянам Злучаных Штатаў рэкамэндуюць запісацца ў базу праграмы рэгістрацыі падарожнікаў STEP у найбліжэйшай амбасадзе ці консульстве.

Раней амбасада ЗША ва Ўкраіне прасіла Дзярждэпартамэнт дазволіць эвакуацыю часткі пэрсаналу дыпляматычнай місіі і іх сем'яў. 24 студзеня Дзярждэпартамэнт задаволіў просьбу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: «Ключавое пытаньне — якія рычагі кантролю яшчэ трымае Лукашэнка і колькі гэтага кантролю ён перадаў Расеі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: Амбасада ЗША ў Кіеве папрасіла Дзярждэпартамэнт дазволіць эвакуацыю часткі пэрсаналу